Рэй Брэдбери - Яго пумпернiкель (на белорусском языке)
- Категория: Фантастика и фэнтези / Научная Фантастика
- Автор: Рэй Брэдбери
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 2
- Добавлено: 2018-08-22 18:14:00
Рэй Брэдбери - Яго пумпернiкель (на белорусском языке) краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Рэй Брэдбери - Яго пумпернiкель (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:Рэй Брэдбери - Яго пумпернiкель (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Брэдбери Рэй
Яго пумпернiкель (на белорусском языке)
Рэй Брэдбэры
Яго пумпернiкель
Пераклад: Марына Кандрусевiч
Позна вечарам мiстэр i мiсiс Велес выйшлi з кiнатэатра i завiталi ў цiхую, маленькую краму, якая адначасова служыла рэстаранам i кулiнарыяй. Яны селi ў асобнай кабiнцы, i мiсiс Велес заказала:
- Вяндлiна з пумпернiкелем*.
* Пумпернiкель (ням.) - чорны жытны густа замешаны хлеб з саладжавым смакам.
Мiстэр Велес паглядзеў на прылавак: там ляжала буханка пумпернiкеля.
- А бач, - шапнуў ён, - пумпернiкель... Друсава возера...
Адразу ж усё стала прывычна-знаёмым: i гэтая ноч, i познi час, i пусты рэстаран. Кожная дробязь нагадвала пра мiнулае. Пах асенняга лiсця, подых паўночнага ветру трывожылi, захлiствалi ўспамiнамi. У гэтай забытай краме, у дзiўны, нерэальны час пасля кiнавiдовiшча, ён убачыў буханку пумпернiкеля, i, як гэта здаралася з iм не раз i раней - апынуўся ў мiнулым.
- Друсава возера, - паўтарыў ён.
- Ты пра што? - узняла вочы жонка.
- Пра тое, чаго не вярнуць, - адказаў мiстэр Велес. - У 1910 годзе, калi мне было дваццаць, я прыбiў буханку пумпернiкеля да люстра на камодзе...
На цвёрдай, блiскучай скарынцы менавiта гэтага хлеба хлопчыкi з Друсавага возера выразалi свае iмёны: Том, Нiк, Бiл, Алек, Пол, Джэк. Найлепшы за ўсю гiсторыю пiкнiк! Iх твары цямнелi, пакуль яны трэслiся па пыльных дарогах. У тыя часы дарогi сапраўды былi пыльныя; дзiвоснае, рудое, як прыпудранае воблака неадступна iшло за машынай. I возера было болей жаданае, чым потым, калi яны, чынныя, бездакорныя i незапыленыя, прыбывалi да яго берагоў.
- Гэта быў апошнi раз, калi старая шайка сабралася разам, - сказаў мiстэр Велес.
Потым былi коледжы, праца, сямейнае жыццё, якiя падзяляюць нас. I непрыкметна ты рабiўся членам чужой шайкi. I ўжо нiколi ў жыццi табе не было так утульна i лёгка.
- Мне iншы раз здаецца, - сказаў мiстэр Велес, - кожны з нас тады ведаў, што гэты пiкнiк будзе апошнi. Першы раз пустата падкралася адразу пасля школьных экзаменаў. Але час iшоў, нiхто тут жа не знiкаў, i ты расслабляўся. Праз год прывычны свет пачынаў распадацца. I хацелася што-небудзь зрабiць напаследак, пакуль вы не страцiлi назаўсёды адзiн аднаго. Пакуль вы яшчэ сябры, дома на летнiх канiкулах, а сямейнае жыццё недзе далёка наперадзе, трэба апошнi раз праехацца, выкупацца апошнi раз у халаднаватым возеры.
Мiстэр Велес успомнiў тую дзiўную ранiцу, успомнiў, як яны з Томам ляжалi пад бацькоўскiм фордам i iх рукi раз-пораз сустракалiся, а яны лапаталi пра машыны, пра жанчын, пра будучае. За працай яны не заўважылi, як стала горача. Нарэшце Том сказаў:
- Цi не праехацца нам да Друсавага возера?
Прасцей простага.
Чаму ж тады праз сорак год ты помнiш усё да дробязяў: i як заязджалi па астатнiх, i як дружна гарлапанiлi пад зялёнымi шатамi дрэваў?
- Эй! - Алек лопаў кожнага буханкай пумпернiкеля па галаве i смяяўся. Гэта на потым, для бутэрбродаў.
Нiк зрабiў бутэрброды з часнаком, яны ляжалi ў плеценай кашолцы. Пройдуць гады, з'явяцца дзяўчаты, i ўсё радзей i радзей яны будуць есцi такiя бутэрброды.
Потым, уцiснуўшыся па трое на пярэднiм i заднiм сядзеннях, абняўшыся за плечы, яны ехалi па гарачай, пыльнай зямлi i везлi брыкецiк лёду ў бляшаным тазе, каб астудзiць пiва, якое iм яшчэ трэба было купiць.
Што ж было асаблiвага ў тым днi, што праз сорак год ён сфакусiруецца як стэрэаскапiчны вобраз, свежы i выразны? I цi не зведаў кожны з iх таго ж пачуцця? За дзень-другi да пiкнiка ён наткнуўся на фатаграфiю, дзе бацька, маладзейшы на дваццаць пяць гадоў, стаяў сярод аднакласнiкаў. Фатаграфiя ўсхвалявала яго, дала ўпершыню адчуць хуткаплыннасць часу, iмклiвы паток гадоў, што нёсся прэч ад дзяцiнства. Калi б сфатаграфавалi яго самога, то цi не здалося б яго дзецям гэтае фота такiм жа дзiўным, якiм здалося яму фота бацькi: неверагодна маладога; чужынца, родам з чужога назаўсёды мiнулага часу?
Тое ж было i з апошнiм пiкнiком: яны ведалi, што праз некалькi гадоў будуць пераходзiць на другi бок вулiцы, абы не сустракацца адзiн з адным, а калi ўжо сутыкнуцца нос у нос, то абавязкова са словамi: "Паснедаем разам!" i нiколi разам не снедалi.
Як бы яно нi было, а мiстэру Велесу па сённяшнi дзень чуўся плёскат вады, калi яны ныралi з прычала пад высокiм жоўтым сонцам, помнiлiся i пiва, i бутэрброды, i цянiстыя дрэвы.
"Мы так i не з'елi пумпернiкель, - падумаў мiстэр Велес. - Дзiўна, былi б мы крыху галаднейшыя, разрэзалi б яго на кавалкi, i гэтая буханка на прылаўку не напомнiла б мне абсалютна нiчога".
Лежачы пад дрэвамi, ахутаныя цёплым золатам пiва, сонца, мужчынскай дружбы, яны абяцалi адзiн аднаму сустрэцца праз дзесяць гадоў каля будынка суда ў першы дзень новага, 1920 года i даведацца, што з кожным з iх стала. Яны вялi простую, грубаватую размову i выразалi свае iмёны на буханцы пумпернiкеля.
- Па дарозе дамоў, - сказаў мiстэр Велес, - мы пелi "Месячны залiў".
Ён прыгадаў, як яны ехалi дадому, i якая цёплая была ноч, i як мерна ў такт машыне падскоквалi мокрыя купальнiкi, кiнутыя на падстаўку для ног. Яны рабiлi аб'езд за аб'ездам, проста так, каб даўжэй ехаць, i гэта здавалася надзiва разумным.
- Спакойнай ночы. - Пакуль. - Спакойнай ночы.
Потым Велес ехаў адзiн, iмкнучыся да поўначы, да дому, да пасцелi.
Ранiцай ён прыбiў да камоды буханку пумпернiкеля.
- Я ледзь не плакаў, калi праз два гады, пакуль я быў у коледжы, мацi спалiла яе ў печы.
- Што ж усё-ткi адбылося ў 1920-м? - спыталася жонка. - У першы дзень Новага года.
- А-а, - адказаў мiстэр Велес. - Я выпадкова праходзiў мiма будынка суда. Iшоў снег. Прабiў гадзiннiк. Госпадзi, успомнiў я, мы ж павiнны былi тут сёння сустрэцца! Я пачакаў пяць хвiлiн. Не тое каб зусiм перад будынкам суда, не думай. Я чакаў на другiм баку. - Маўчанне. - Нiхто не прыйшоў.
Ён устаў з-за стала i заплацiў па рахунку.
- I дайце мне вунь тую буханку пумпернiкеля, - сказаў ён.
Калi яны з жонкай iшлi дамоў, ён сказаў:
- Ты ведаеш, мне падумалася: што з iмi ўсiмi стала?
- Нiяк, як заўсёды, у горадзе, у сваiм кафэ.
- А астатнiя? - твар мiстэра Велеса расчырванеўся, ён усмiхаўся i размахваў рукамi. - Пераехалi. Том, напэўна, у Цынцынацi. - Ён крадком глянуў на жонку.
- Чорт вазьмi, я пашлю яму гэты пумпернiкель!
- Але ж...
- Праўда! - Ён смяяўся i iшоў усё хутчэй i хутчэй, паляпваючы далоняй па буханцы хлеба. - Хай выража сваё iмя i пашле па пошце, чые адрасы ведае. I ўрэшце яна вернецца да мяне, зрэзаная iх iмёнамi.
- Але, - сказала жонка, узяўшы яго пад руку, - ты толькi расстроiшся. Ужо не раз ты выкiдваў такiя штучкi i...
Ён не чуў. Чаму мяне нiколi не асяняе днём? - думаў ён. - Чаму заўсёды пасля захаду сонца? Ранiцай, перш за ўсё, думаў ён, я адпраўлю, клянуся богам, адпраўлю гэты пумпернiкель Тому i ўсiм астатнiм. I ён вернецца да мяне, i зноў усё будзе так, як быццам яго нiколi не спальвалi ў печы! Чаму б i не?
(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.