Жорж Сименон - Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) Страница 4

Тут можно читать бесплатно Жорж Сименон - Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке). Жанр: Детективы и Триллеры / Детектив, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте «WorldBooks (МирКниг)» или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Жорж Сименон - Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)

Жорж Сименон - Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Жорж Сименон - Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:

Жорж Сименон - Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Жорж Сименон - Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Жорж Сименон

- Пра што ты думаеш, Жуль?

У той час яна яшчэ не называла яго Мэгрэ, але i тады ўжо яна поўнiлася да яго той глыбокай прыроднай павагай, якую адчувала да свайго бацькi i, несумненна, перанесла б i на свайго сына, калi б ён з'явiўся ў яе.

- Я думаю...

I ён працытаваў ёй радкi, якiя прыйшлi яму на памяць у той момант, калi ён расплюшчыў вочы пасля толькi двухгадзiннага сну. Гэта была цытата з правiл унутранага распарадку палiцыi:

"Службоўцы Вышукной палiцыi абавязаны ўвесь свой час аддаваць службе.

Любое распачатае следства цi назiранне павiнна быць праведзена ў самы сцiслы тэрмiн, i ў гэтыя гадзiны цi днi службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак".

Ён пакiнуў камiсарыят а шостай ранiцы, калi на змену яму прыйшоў сакратар-асiстэнт Альбер Люс. На дварэ паветра было такое свежае, вулiцы Парыжа поўнiлiся такой зялёнай сакавiтасцю, што ён зрабiў ладны круг, каб прайсцiся па Цэнтральнаму рынку, падыхаць водарам вясковай гароднiны i садавiны.

Не адзiн Мэгрэ не спаў у гэту ноч. Вiзiт замежнага правiцеля быў разлiчаны ўсяго на тры днi, але палiцэйскiя службы, асаблiва тыя, што вялi нагляд за кватарантамi мэбляваных пакояў, вакзаламi, чужаземцамi, дробнымi правапарушальнiкамi, не мелi спакою ўжо шмат тыдняў падрад. I ўжо знемагалi ад стомы.

Улады не давалi дыхнуць нi жыхарам, нi палiцэйскiм камiсарыятам. Маршруты сустрэчы i праводзiн манарха сурова, да секунд разлiчаныя загадзя, не закраналi квартал Сэн-Жорж, i незанятыя людзi былi пасланы ў распараджэнне камiсарыята квартала Гранд-Опера.

Адны анархiсты здольны былi пазбавiць палiцыю сну. А тут жа яшчэ i ўсялякiя "псiхi", каго падобныя ўрачыстасцi заўсёды выводзяць з раўнавагi, зладзеi-кiшэннiкi i нячыстыя на руку прастытуткi, якiя бурна аддавалiся радасцям з правiнцыяламi, прывабленымi парадам.

- Гэта кава ад "Бальтазара"? - запытаўся Мэгрэ ў жонкi.

- Чаму ты пытаешся? Яна табе не падабаецца?

- Проста хачу ведаць, чаму ты купляеш менавiта гэту каву, а не iншую. Хiба яна найлепшая?

- Ва ўсякiм выпадку - не найгоршая, да таго ж - i з карцiнкамi.

Ён зусiм забыўся пра альбом, у якi жонка старанна ўклейвала карцiнкi, схаваныя ў кожным пачку кавы. На карцiнках былi намаляваны кветкi з усяго свету.

- Калi назбiраць тры поўныя серыi, можна бясплатна атрымаць арэхавую спальню.

Мэгрэ прыняў душ - тады ў кватэры яшчэ не было ванны. Потым паеў супу: ён заўсёды еў суп ранiцай у сябе ў вёсцы i захаваў гэту звычку ў горадзе.

- Ты, канешне, не ведаеш, калi вернешся?

- "...у гэтыя гадзiны цi днi службоўцу не можа быць гарантаваны адпачынак", - з усмешкай сказаў ён.

Мадам Мэгрэ вельмi добра ведала свайго мужа. На яе галаве ўжо красаваўся капялюшык. Яна любiла праводзiць мужа на работу, быццам дзiцё ў школу, але да самага камiсарыята не даходзiла, бо ён бы адчуваў сябе няёмка пры сустрэчы з якiм-небудзь сваiм калегам.

Роўна а дзесятай на вулiцы Лярошфуко спыняўся кабрыялет камiсара, запрэжаны няўрымсным стаеннiкам, i фурман забiраў лейцы з рук гаспадара. Максiм Лё Брэ быў, мусiць, адзiны палiцэйскi камiсар ва ўсiм Парыжы, якi меў уласны экiпаж i жыў у Мансо ў адным з новых гмахаў па бульвары Курсэль.

Перш чым з такiм форсам з'явiцца ў камiсарыяце, ён паспяваў адведаць клуб Гоша, пафехтаваць там, паплаваць у басейне i пабываць у масажыста.

Рапарт Мэгрэ ўжо ляжаў на стале камiсара, i Мэгрэ думаў пра гэта з глухой трывогай. Гэта быў ягоны першы рапарт. Ён усю ноч да дня старанна працаваў над iм, сiлячыся нiчога не ўпусцiць з зусiм яшчэ свежых у памяцi тэарэтычных выкладак.

Пасля падзей на вулiцы Шапталь флейтыст Жустэн Мiнар так i не пакiнуў Мэгрэ, правёў яго назад да самага камiсарыята. Яны спынiлiся ля ўвахода.

- Вы жанаты? - спытаў Мэгрэ.

- Жанаты.

- Жонка, напэўна, непакоiцца.

- Гэта не мае значэння.

I Жустэн зайшоў у камiсарыят. Мэгрэ занатаваў паказаннi музыканта, даў яму падпiсаць. Аднак флейтыст усё не iшоў дадому.

- Жонка ўчынiць вам скандал.

- Гэта не мае значэння, - з мяккай упартасцю паўтарыў Жустэн.

Чаму Мэгрэ думаў цяпер пра гэта? Ён амаль сiлай справадзiў яго на золку. Развiтваючыся, флейтыст нясмела i разам з тым настойлiва запытаўся:

- Вы дазволiце мне прыйсцi пабачыцца з вамi?

Ён падаў скаргу на дварэцкага Луi, у якой рашуча настойваў на ўмяшаннi палiцыi. Усе гэтыя паперы, прыведзеныя ў бездакорны парадак, ляжалi цяпер на стале камiсара, паверх штодзённых, менш значных рапартаў.

Рэдка хто бачыў, як прыходзiў Максiм Лё Брэ, таму што iшоў ён бакавым калiдорам i трапляў проста ў свой кабiнет, але прыход яго быў чуцён, i на гэты раз у Мэгрэ ёкнула сэрца.

На лаве ўжо месцiлася з тузiн звычайных клiентаў, у большасцi бедных людзей, галоты; ён па чарзе выклiкаў кожнага, выдаваў даведку аб месцы жыхарства цi аб маёмасным становiшчы, рэгiстраваў згубленыя цi знойдзеныя рэчы, адпраўляў у камеру падабраных на бульварах жабракоў цi гандляроў забароненымi таварамi.

Пад насценным гадзiннiкам у чорным футарале цьмяна паблiскваў каўпак электрычнага званка, i калi гэты званок зазвiнiць...

Мэгрэ прыкiнуў, што спатрэбiцца хвiлiн дванаццаць, каб прачытаць ягоны рапарт i паказаннi сведкi Мiнара. Мiнула дваццаць хвiлiн, а выклiку ўсё не было, i толькi лёгкае шчоўканне званка пасведчыла, што шэф прасiў злучыць яго з некiм па тэлефоне.

Абабiтыя дзверы аддзялялi кабiнет Лё Брэ ад залы камiсарыята. Яны заглушалi нават самыя гучныя галасы.

Цi не з Рышарам Жандро, сваiм частым сатрапезнiкам, перагаворваўся па тэлефоне Лё Брэ?

Званка не было. Раптам дзверы прыадчынiлiся.

- Мэгрэ!

"Добрая прыкмета? Цi кепская?"

- Зайдзiце, дружа.

Перш чым сесцi за стол, камiсар, пыхкаючы цыгарэтай, некалькi разоў абышоў пакой. Нарэшце ён паклаў руку на папку з паперамi, памаўчаў, нiбы падбiраючы словы, уздыхнуў:

- Я прачытаў вашы цыдулкi.

- Слухаю, месье камiсар.

- Вы зрабiлi так, як былi абавязаны зрабiць. Ваш рапарт вельмi талковы, вельмi скрупулёзны.

- Дзякую, месье камiсар.

- У iм нават пра мяне iдзе гаворка.

Ён жэстам спынiў Мэгрэ, якi памкнуўся запярэчыць.

- Гэта зусiм не папрок, наадварот.

- Я стараўся як мага дакладней запiсаць усё бачанае i пачутае.

- I вы мелi магчымасць агледзець увесь дом?

- Мяне вадзiлi з пакоя ў пакой.

- I вы маглi ўпэўнiцца, што нiчога надзвычайнага не аказалася?

- У пакоi, азначаным Жустэнам Мiнарам, цюлевая фiранка была прышчэмлена рамай, як быццам той, хто зачыняў акно, вельмi спяшаўся.

- Але гэта магло быць зроблена невядома калi, цi ж не так? Дзе доказ, што фiранка прышчэмлена толькi што, а не шмат дзён назад?

- Бацька, месье Фелiсьен Жандро-Бальтазар, як мне падалося, вельмi ўсхваляваўся, калi ўбачыў мяне ў доме.

- Вы напiсалi - "перапалохаўся".

- Такое маё ўражанне.

- Я асабiста ведаю Жандро, мы некалькi разоў на тыдзень сустракаемся з iм у клубе.

- Я ведаю гэта, месье камiсар.

Камiсара - сiмпатычнага, пародзiстага мужчыну - можна было бачыць на ўсiх свецкiх прыёмах, таму што ён быў жанаты на адной з самых заможных спадкаемнiц Парыжа. Аднак, нягледзячы на свой вобраз жыцця, ён усё ж прымушаў сябе настойлiва працаваць. Павекi яго ўкрывала тонкая сетка зморшчынак, ля вачэй вырысоўвалiся глыбокiя "гусiныя лапкi". Вiдаць, гэтай ноччу, як, зрэшты, i большасцю папярэднiх, ён спаў не даўжэй за Мэгрэ.

- Паклiчце да мяне Бесана.

Бесан быў той адзiны iнспектар, якога пакiнулi ў камiсарыяце на час манаршага вiзiту.

- У мяне ёсць для вас адна работка, Бесан.

Ён вырваў з блакнота лiсток, запiсаў на iм прозвiшча i адрас флейтыста Жустэна Мiнара.

- Збярыце, калi ласка, усе звесткi пра гэтага чалавека, месье. I чым хутчэй, тым лепей.

Бесан зiрнуў на адрас, узрадаваўся, што працаваць давядзецца ў самiм Парыжы, i паабяцаў:

- Будзе зроблена, шэф.

Застаўшыся сам-насам з Мэгрэ, камiсар ледзь прыкметна ўсмiхнуўся i прамовiў:

- Вось так. Лiчу, што гэта адзiнае, што трэба зрабiць перш за ўсё.

* * *

Седзячы за сваiм чорным сталом, Мэгрэ з невядомай яму дагэтуль раздражнёнасцю разбiраў зашмальцаваныя паперы, выслухоўваў скаргi канс'ержаў i тлумачэннi вулiчных гандляроў.

Самыя крайнiя рашэннi прыходзiлi яму ў галаву: напрыклад, неадкладна падаць у адстаўку. Выходзiць, усё, што камiсар, на яго думку, у сiле зрабiць гэта сабраць звесткi аб флейтысце! Дык чаму б ужо i не арыштаваць яго дый не адлупцаваць заадно?!

Мэгрэ таксама мог бы пазванiць вышэйшаму начальству альбо нават пайсцi да яго на прыём. Ён быў асабiста знаёмы з Ксаўе Гiшарам, шэфам Вышукной палiцыi. Ксаўе Гiшар даволi часта праводзiў свой адпачынак непадалёку ад iх вёскi ў Алье i колiсь сябраваў з бацькам Мэгрэ.

Ён не тое што памагаў Мэгрэ, але непрыкметна ўвесь час сачыў за iм здалёку, цi, дакладней, зверху, i, вiдаць, менавiта пры яго садзейнiчаннi вось ужо чатыры гады Мэгрэ пастаянна пераводзiлi з адной работы на другую, каб ён на ўласным вопыце пазнаёмiўся з усiмi спружынамi палiцэйскай службы.

"Мiнар не вар'ят. I не быў п'яны. Ён сваiмi вачыма бачыў, як расчынiлася акно. I чуў стрэл. I я сам выдатна бачыў масляныя плямы на брусчатцы". Ён абурана выкажа ўсё гэта. I запатрабуе... Нечакана яго асянiла думка. Ён выйшаў з пакою, спусцiўся па сходках з трох прыступак унiз i апынуўся ў дзяжурцы, дзе палiцэйскiя рэзалiся ў карты.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.