Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке) Страница 38

Тут можно читать бесплатно Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке). Жанр: Фантастика и фэнтези / Научная Фантастика, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте «WorldBooks (МирКниг)» или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке)

Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке) краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:

Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Сергей Давидович - Замалёўкi (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Сергей Давидович

Мая мама - самая прыгожая ва ўсiм свеце. Мая мама - самая добрая ва ўсiм свеце. Мая мама - самая працавiтая ва ўсiм свеце, i яшчэ... мама была няшчасная, бо не дай Бог нiкому перажыць пяцёра сваiх дзяцей.

Але i ў беднасцi, i ў горы мама была шчаслiвая тым, што выраслi, вывучылiся астатнiя дзецi, нарадзiлiся ўнукi...

Першая песня, напiсаная мной з кампазiтарам Эдуардам Зарыцкiм, была прысвечана маме i пачыналася словамi: "Ты ў свеце самая прыгожая..."

Я ганаруся сваёй мамай за прыгажосць яе душы, за яе чалавечую годнасць i мужнасць, з якой яна прайшла праз усе жыццёвыя выпрабаваннi, асаблiва ў гады Вялiкай Айчыннай вайны. Мама выпякала партызанам хлеб, а калi немцы спалiлi хату, засталася з партызанскiм атрадам у лесе.

Дзякуючы толькi ёй мы, чацвёра яе дзяцей, засталiся жывымi, вырвалiся з нямецкага акружэння на Палiку, дзе загiнулi сотнi i сотнi людзей, нават без дзяцей на руках.

Дзякуючы ёй мы не памерлi ад пасляваеннага голаду, калi не было нi крошкi, нi лушпiнкi, нi зернетка. Гэту "ласку" жыцця я добра памятаю.

Дзякуючы маме мы не памерзлi ў сырой i халоднай зямлянцы, уратавалi свае душы ад жорсткасцi i нянавiсцi да ўсiх i ўсяго. Мама не скардзiлася, не ныла, яна змагалася за нас...

Усё сваё жыццё, колькi памятаю, мама не выпускала з рук iголку "абнаўляла" кожны вечар да позняй ночы нам i сабе вопратку, ляпiла i ляпiла лацiну на лацiну...

Каб звязаць тыя нiткi ў адну, можна было б абматаць зямны шар, як клубок...

Каб прыкласцi тыя лацiны адна да другой, атрымаўся б агромнiсты, на ўсё неба транспарант, на якiм можна было б напiсаць, бачнае ўсяму свету: "Слава КПСС!"

Бацькi дажывалi свой век у дзесяцiметровым пакойчыку - у бараку ў Вознiцкiм завулку ў Менску, куды iх забраў брат Косцiк, калi я служыў у войску. Сам я жыў з жонкай i дачкой у васьмiметровым пакойчыку на агульнай кухнi, разам з другой сям'ёй.

Бягу, бывала, да бацькоў праведаць iх, ведаю, што галодныя сядзяць, але ў самога ў кiшэнi тры рублi, а да палучкi - тыдзень. Заскочу ў краму, куплю бутэльку малака, пару тварожных сыркоў, батон ды маме цытрамону ад галаўнога болю. Вось рубель i "ляснуў"! I гэтак кожны раз - страсаеш капейкi, бо самi з жонкай не маглi звесцi канцы з канцамi.

Вось i перабiвалiся мае бацькi з хлеба на ваду, а тыя, хто наўмысна стварылi такiя ўмовы iснавання, жыравалi, адгарадзiўшыся ад людзей хлуслiвымi лозунгамi. Прыдумалi так званую "савецка-партыйную" работу, якая дазваляла i жыраванне, i персанальныя пенсii, а вось за жыццё, аддадзенае дармавой калгаснай катарзе, не плацiлi анiякай пенсii.

I ўсё ж трэба аддаць належнае дзяржаве, якая злiтавалася i прызначыла пенсiю тату за тое, што ён, пасля шасцiдзесяцi гадоў, працаваў у розных некалгасных шарагах вартаўнiком. Пенсiя складала аж пяць рублёў i семдзесят пяць капеек, i адбылося гэта пенсiйнае "свята", калi тату было семдзесят гадоў.

У апошнiя гады мамiнага жыцця мы, усе яе дзецi, кожную нядзелю збiралiся сем'ямi разам вакол мамы, шумна абедалi, горача спрачалiся i гутарылi, спявалi. На ёй трымаўся свет нашых узаемаадносiн, наша кроўнае адзiнства.

Не стала мамы - i ўсё пасыпалася. Мы паселi па сваiх кватэрах, нас паглынулi сямейныя дробязi, мы пачалi аддаляцца адно ад другога.

Вось што значыцца мама!

Мама была старэнькая, нямоглая, але яна была. Я адчуваў яе прысутнасць кожнай крывiнкай, я адчуваў сябе дужым, значным, патрэбным гэтаму свету...

Пасля яе смерцi я адчуў сябе псiхалагiчна нямоглым, адзiнокiм, непатрэбным, слабым. Жыццё страцiла цiкавасць, каляровасць, сэнс. Даўно злавiў сябе на горкай думцы: "Пры маме я жыў, без мамы - дажываю..."

Вось што значыцца мама...

Мама не толькi касiла i жала, яна яшчэ i сеяла. Яна, думаючы пра будучыню, сеяла ў сэрцах сваiх дзяцей i вакол сябе любоў i дабрыню. Мама паспела ўбачыць i ўсходы, i плады сваiх жыццёвых намаганняў, таму, спадзяюся, што душа яе знайшла спакой...

Згаданая вышэй песня пра маму заканчваецца словамi: "Насiце ў сэрцы слова "мама" без слова горкага "была"..."

Нiколi не памiрае мама, нiколi не перасыхае адвечная, невычарпальная крынiца яе пяшчоты i дабрынi. Мама жыве ў маiм сэрцы, я ў думках размаўляю з ёю, раюся.

Мая мама - самая лепшая ў свеце!

ТАТА

Мой тата нарадзiўся ў самым пачатку гэтага стагоддзя i, як нi дзiўна, быў адзiным дзiцем у сям'i. Згадзiцеся, што такiх сем'яў у той час, ды яшчэ ў сельскай мясцовасцi, амаль не было. Пяць, а то i дзесяць дзяцей - звычайная справа. Напрыклад, тата з маёй мамай "прыдбалi" аж дзевяць дзяцей, сярод якiх, канешне ж, i я.

Але гэта - не апошняе "дзiва", якое было звязана з маiм татам. Месцам яго нараджэння i жыхарства быў хутар Рубеж з маляўнiчымi сядзiбамi чатырох гаспадароў, якiя мелi, уявiце, аднолькавае прозвiшча - Давiдовiч. Цi ж гэта не дзiва?!

Татаў тата, Давiдовiч Рыгор, жыў не бедна - меў сваю зямлю i нават свой "шнурок" лесу. Астатнiя тры Давiдовiчы зямлю хоць мелi, але лесу ў iх не было.

Яшчэ ў юнацтве тата навучыўся выдатна граць на гармонiку - адных толькi полечак, самых розных, з драбнюткiмi пераборамi, мог "сыпаць" ўвесь вечар, таму быў на расхоп у моладзi.

Вядома ж, за такiм здатным ды "багатым" кавалерам дзеўкi, як кажуць гужам! Але атрымалася, для большасцi, - ды мiма, бо мама ўсiм "уцерла" нос i, пакiнуўшы Карпiлаўку, стала ў Рубяжы маладой гаспадыняй, праўда, пад пiльным вокам свёкра...

Яшчэ адно "дзiва" перакрыжавалася з татавым лёсам праз усiм вядомыя, таксама маляўнiчыя Акопы - сядзiбу-фальварак, якi арандавала мацi Янкi Купалы i дзе так лёгка i плённа пiсалася песняру. Ды як было не перакрыжавацца Акопам з татавым лёсам, калi хутар Рубеж знаходзiўся меней чым за вярсту ад Акопаў? Гэта ж самыя блiзкiя суседзi, якiя, каб i не хацелi ведаць адзiн аднаго, усё роўна ведалi б.

Мне крыўдна сёння заходзiць у фiлiял музея Я. Купалы ў Харужанцах i не бачыць даведкi пра тое, што рубяжскi Федзя (гэтак тады клiкалi тату) быў самым блiзкiм суседам Купалы па Акопах. Татава звышсцiпласць i звышпрыстойнасць за ўсё жыццё не дазволiлi нi разу вытыркнуць на людзi ўласнае "я".

Мне вядомы прозвiшчы некаторых i аднавяскоўцаў, i жыхароў суседнiх вёсак, якiя i краем вока не бачылi Купалу, але, маючы добра "падвешаны" язык, "лезлi ў вушы" многiм карэспандэнтам, расказваючы байкi-небылiцы.

А пра свае, хай i выпадковыя, сустрэчы з паэтам, пра тое, што Купала на трэцi дзень вяселля таты з мамай (гулялi ж раней тыдзень) мiмаходзь зайшоў павiншаваць Рыгора з "набыццём" нявесткi, тата расказваў у вузкiм сямейным коле, ды i то скупа i неахвотна, як бы саромеючыся, - вось, маўляў, хвалько!

Ды Бог з iм, з музеем - хоць бы хапiла ў iм месца сучасным "класiкам" якiя называюць сябе "вучнямi" Iвана Дамiнiкавiча, якога яны i ў вочы не бачылi. Але, як гаворыцца, трэба ўмець сябе прыпаднесцi...

Дзякуй шчыраму чалавеку - Уладзiмiру Содалю, што пiсаў некалi пра маiх бацькоў i прагнуў адшукаць той татаў гармонiк, якi чуў колiсь у Рубяжы Янка Купала. Але дзе ж яго знойдзеш, той гармонiк, калi згарэў ён у полымi вайны разам з хатай i ўсiм скарбам...

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.