Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля Страница 18

Тут можно читать бесплатно Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля. Жанр: Разная литература / Прочее, год -. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте «WorldBooks (МирКниг)» или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля

Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля» бесплатно полную версию:

Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля читать онлайн бесплатно

Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля - читать книгу онлайн бесплатно, автор Алесь Жук

Тут жа, над забітым, немцы прызначылі старасту, якога прывезлі з сабою...

***

Тое, што гаварыў Антось, успамін пра Наронскага выбіў Сцяпана з каляіны.

Калі на вёсцы пайшла пагалоска, што на канаве панішчылі баброў, Сцяпан з нейкаю нават палёгкаю і радасцю закінуў куркоўку за плячо і пайшоў займацца следствам.

Праз тыдзень у яго ўжо было падазрэнне, што тут не абышлося без старшынёўскай рукі: ніхто так смела не мог развярнуцца, каб не баяўся, што нічога яму не зробяць. Да таго ж старшыні спатрэбілася гэтае поле, якое ён раней не бачыў. Без яго тут не абышлося. 3 гэтым Дзямідчык сабраўся і паехаў у раён да старшыні паляўнічага таварыства Дзярэчы. Той паслухаў, што яму сказаў Сцяпан, нешта запісаў, сказаў, што з гэтым яны самі разбяруцца, а пакуль не злоўлены — не злодзей.

I непрыкметна перавёў гаворку на тое, што Сцяпану сама і быць старшынёй мясцовых паляўнічых і што ў іхнім лесе завяліся ваўкі, якіх трэба вывесці; ён і прывёз з сабою ўжо ў замаразкі брыгаду, абклалі лес, і Сцяпан якраз забіў аднаго з трох ваўкоў.

Зімою ён сам арганізаваў дзве аблавы. У адной пашанцавала — зноў застрэліў ваўка, у наваколлі набыў новую славу — славу паляўнічага. Зімою ён карміў і ахоўваў курапатак, якіх развялося многа ў кустах, што зноў пачалі брацца на былым высушаным балоце.

Зімою Сцяпан угледзеў на старшыні бабровую шапку і напісаў пісьмо пракурору. Адтуль адказалі, што шапка ў Прымачака куплена ў магазіне.

Летам Сцяпан хадзіў у жніво па полі, пільнаваў, каб камбайны жалі ў разгон, не глумілі пад нажамі птушак і зайцоў, і напісаў дакладную ў раён на старшыню, што той не дае такое каманды камбайнерам.

Нехта за вочы празваў Сцяпана заячым пастухом. Сцяпан дагадваўся, што гэта Антось, які зімою хацеў секчы ў крыніцы на дровы алешнік. Сцяпан не даў рабіць гэтага — бо да вясны ад алешніку асталіся б толькі кусцікі.

***

Цяпер, калі чужыя машыны снавалі ноччу па полі, расстрэльвалі тых зайцоў, якіх пільнаваў Сцяпан, і на машын не было ўправы, Сцяпан верыў, што тут не абыходзіцца без старшыні, што гэта нехта з яго знаёмых, такіх, як ён, за нейкую ласку тут пасецца. Таму, толькі таму хітры Жогла не хоча ўмешвацца, каб злавіць іх. Сцяпан сабраўся і паехаў да сына — перад гэтым ён да вечара сядзеў і ўсё пісаў, перачытваў і радаваўся, што дакажа сваё. Тады будуць ведаць і Жогла, і Дзярэча, і ўсе, хто думаў, што Сцяпан не знойдзе на іх управу, не паставіць на сваё месца.

Тым, як ён зробіць гэтую работу, і кончыцца нейкі важны, значны круг яго жыцця.

XI

На ноч перастаў церушыць дождж, крыху праяснела неба. Вецер не паменшаў, пранізваў халоднаю вільгаццю скрозь куфайку, якая пахла мокрым кортам. Сашка Навалач, як звалі яго ў вёсцы, курыў з кулака, пазіраў на дарогу, адкуль павінна была паказацца машына: учора вечарам на возеры два паляўнічыя вячэралі самі і частавалі Сашку гарэлкаю, якую налівалі з салдацкае, абшытае мацёраю флягі. Абодва былі ў купленых брызентавых куртках паверх куфаек, у паляўнічых ботах, у берэтах. Адзін барадаты, другі рослы, худы.

— Дарэмна мы сюды прыехалі. Тут і сваіх гусей няма, не тое што дзікіх! — гаварыў барадаты і закусваў напоўніцу каўбасою з хлебам і кіслым агурком.

— Гэта як сказаць. Качі пашукаць, то ўсюды можна нешта найсці. Бач, колькі тут ад андатры асталося.

— Ага, возьмеш яе тут, на агародах. Самога возьме гэты, як яго завуць, гэтага вашага старога? — папытаўся худы ў Сашкі.

— Пастух заячы? Сцёпка-брыгадзір. О, ён каго хочаш, яму лепш у рукі не пападайся!

Сашка рады быў, што перапала на дурніцу выпіць «белае» — як вёў яго нос вечарам на возера выйсці.

Барадаты яшчэ падліў яму.

— Тут ужэ і зайцоў не асталося, толькі пастух гэты.

Худы ўсё хмыкаў. Яму ўсё было не пад нораў.

— О, няма. А бабры?

— Тут, у полі, бабры? — недаверліва папытаў барадаты.

— Чаму ў полі? На балоце. Зрабілі плаціну і трэці год тут жывуць, ужэ і маладыя вывеліся.

— Далёка дзе?

— За кар'ерамі, дзе торф капалі.

— Ніколі жывога бабра не бачыў. — Барадаты зноў падліў Сашку.— Каб паглядзець хаця.

— Ночы трэба. Удзень не ўгледзіш.

— Дак, можа, Паўлік, паглядзім на баброў, а? — папытаўся барадаты ў худога.

— Ты яму верыш? Чарку выпіў на дурніцу і пляце кашалі з лапцямі.

Худому ўсё было не па душы.

— Я пляту? Сам ты Хама няверуючы. Я тут ужэ чатыры гады жыву.

— Адкуль ты сюды папаў? — Барадаты пытаўся спагадліва.

— Папаў. Жызня праклятая. Мне цяпер тут сядзі і нікуды не рыпайся. Пасялілі мяне — і ўсё, а чуць што...

Сашка чыркануў пальцам па шыі — канцы будуць.

— Ясна, перавучваюць. Адзін жывеш? — худы ажывіўся.

— Жонка ёсць, дзіця.

— Слухай, а ты заўтра падыдзі, як сцямнее, у алешнік ля грэбелькі. Паглядзім мы на баброў, а то век пражывеш, а такога звярка і не ўгледзіш. Ну, як? Мы не за так цябе просім.

— Не ведаю, час ці будзе.

Сашка ўжо захмялеў, але яшчэ дагадаўся, што трэба патаргавацца.

— Бутэлька «белай» твая.— Барадаты выліў астаткі гарэлкі з флягі ў шклянку.

— Дзве, што мне адна. На адну і жонка дасць, як суну кулак пад нос, і хадзіць нікуды не трэба.

Сашка рагатнуў ад таго, што ўдала схлусіў. 3 жонкі, калі б ён не тое што кулак паказаў, а і да смерці яе прытоўк, то ўсё роўна траячкі б не выбіў. Але біць яе Сашка баяўся, таму што Дзямідчык, яшчэ як быў брыгадзірам, сказаў: пасадзіць зноў у турму, няхай толькі паспрабуе піць ці біцца. Сашка не баяўся ўчастковага, а Сцяпана баяўся.

Цяпер ён стаяў на холадзе і мучыўся таму, што хацелася выпіць, і яшчэ таму, што баяўся — абманулі яго ўчора. Што ім, гарадскім, абмануць, гарэлкі ў іх хапае. Але ён усё ж стаяў. Яму ўспамінаўся горад. Там было светла ноччу, там было многа людзей і можна было пайсці, калі захочаш, як ёсць грошы, у «кабак», там падчапіць кралю... Пасля трэцяе судзімасці гэта яму закрылася, і тут, у вёсцы, дзе ўсе былі навідавоку, не было разгарнення.

Машына стала, не даехаўшы да грэблі. Свяціліся толькі падфарнікі.

Сашка ўзрадавана затрухаўся насустрач. Як толькі падышоў, дзверцы адчыніліся насустрач яму. Сашка ад нечаканасці шарахнуўся назад — апошні раз, калі яны ноччу перакулілі палатку і адтуль забралі віно, якое пiлі два дні,— апошні раз яго бралі ў машыну. Вось гэтак жа нявінна адчыніліся дзверцы таксі, і ён не ўспеў і ачухацца, як быў у машыне.

Але тут яго ніхто не хваціў за рукі і не пасадзіў на сядзенне. Два чалавекі сядзелі спераду.

Сашка ўлез у машыну, зачыніў за сабою дзверцы, рады цяплу і цыгарэтнаму дыму, які быў у машыне.

Учарашнія мужчыны былі тут.

— Ну, дзе твае бабры?

Худому не цярпелася.

Сашка сцепануў плячыма — холадна.

Барадаты ўсміхнуўся і падаў яму флягу, якая стаяла паміж пярэднімі сядзеннямі.

Худы моўчкі вылез з машыны, адчыніў багажнік, нешта выкінуў адтуль.

Сашка хлябаў з флягі, пакуль не папярхнуўся. Барадаты моўчкі сунуў яму ў рукі яблык.

Худы адчыніў дзверцы машыны:

— Давай, нечага рассядацца!

За плячыма ў яго вісела стрэльба. У руках былі завостраны жалезны прэнт, цяжкі кол, плеценая лавушка, цэлафанавыя мяшкі.

Сашку падумачася, што яму будзе пасля таго, як ён разам з гэтымі гараджанамі паглядзіць на баброў. Ім не паздаровіцца, калі зловяць, а больш за ўсё не паздаровіцца яму.

— Не, хлопцы, я сваё... Мне гарэлка не трэба.

— Ты, неданошаны,— худы ткнуў яго прутом у бок,— пагавары тут! Вядзі, паказвай, дзе плаціна!

Холадна плылі хмаркі, свяціў месяц, і ад хмар па зямлі ішоў лёгкі хуткі цень. Было відно. Холадна паблісквала вада між купінаў, шатрыста стаялі на кар’ерах высокія кусты.

Сашка вывеў мужчын да зробленага бабром плёса. Ен аброс паўз берагі сітнягом, збаночкамі, асакою, а сярэдзіна цёмна і холадна глядзела на хмарнае месячнае неба, як страшнае вока. Чамусьці падумалася, што калі ўпруць яго сюды, то ніхто і не знойдзе.

— Дзе хатка? — худы пытаўся хрыпла.

Хатка была далей, за плацінаю, дзе на старыцы яшчэ адзін плёсік.

— А сцежка яго дзе?

— Тут,— Сашка паказаў за плаціну. Там паўз кусты ў густой і высокай траве, якая злегла цяпер на восень пад дажджамі, была бабровая сцежка.

— Стань тут,— загадаў худы барадатаму.— Могуць ісці ад канавы.

Ён больш нічога не сказаў, падаў барадатаму кол.

Сашка першы, худы за ім перайшлі па бабровай запрудзе на той бераг і пайшлі да бабровае хаткі, якая кучаю ламачча цямнелася пад лазовым кустом на беразе невялікага плёсіка.

Худы больш нічога не пытаўся. Ён абагнаў Сашку. Той глядзеў, як худы спрытна апускае сваю плеценую лавушку ў ваду, і калі апусціў, загадаў:

— Пары!

Сашка вострым прэнтам папхнуў у ламачча.

— Да канца пары! Усё перапорвай,— худы вылаяўся.— Скарэй! Пары!

Слухаючы яго злосны голас, Сашка пачаў папіхаць прэнтам, як пікаю. Храбусцела ламачча, прэнт раптам правальваўся ў пустое, адзін раз здалося, што ён уваткнуўся ў нешта мяккае, жывое.

— Давай, давай! — падганяў худы.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.