Аляксей Кулакоўскі - Дабрасельцы Страница 22
- Категория: Разная литература / Прочее
- Автор: Аляксей Кулакоўскі
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 23
- Добавлено: 2019-05-14 12:13:20
Аляксей Кулакоўскі - Дабрасельцы краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Аляксей Кулакоўскі - Дабрасельцы» бесплатно полную версию:Аляксей Кулакоўскі - Дабрасельцы читать онлайн бесплатно
... Апошні раз бачыў я сваю матулю ў канцы сорак трэцяга года. Прышоў ноччу дадому з партызанскага атрада. Вось гэтая кожанка была на мне, тады яшчэ зусім новая, добрыя хромавыя боты, шапка з чырвонай стужкай. Сеў ля стала і нечакана задрамаў. Маці пры газоўцы расшпіліла мне каўнер ды як заплача. Я аж спужаўся, прачнуўшыся. Ажно ж гэта кашуля мая пад кожанкай і гімнасцёркай была да таго заношанай i бруднай, што маці вытрымаць гэтага не магла. Яна кінулася ў куфар, каб дастаць мне чыстую кашулю, а ў гэты час з вуліцы пачуўся нейкі тупат. Я шмыгануў у сенцы і ўжо больш не вяртаўся ў хату, неўзабаве прабраўся ў лес. А назаўтра маці, ты ўжо, мабыць, ведаеш пра гэта, завязала ў клуначак бялізну, яшчэ там сёе-тое і познім вечарам пайшла ў лес шукаць каго-небудзь з нашых, каб перадаць усё гэта мне. Натыкнулася на засаду, кінулася бегчы i вось... Я ледзьве перажыў гэта, як даведаўся. Бо чаго мне было ісці дадому? I цяпер гэты цяжар у мяне на душы, асабліва сёння. Толькі адной табе скажу, што і заходзіў я тады не так для таго, каб праведаць сваю матулю, дапамагчы ёй чым-небудзь, адзінокай, як для таго, каб паказаць, які я стаў бравы. Цяпер дараваць сабе гэтага не магу...
Мокрут перапыніўся пасля гэтых слоў, цяжка, усхвалявана засоп, але хоць i выйшла ў гэты момант зручная паўза, Даша не выкарыстала яе, каб сказаць што-небудзь. Яна адчувала, што Мокрут гаварыў шчыра, але яе так здзіўляла гэтая гаворка, што яна не ведала, як на яе можна адказваць. Здавалася, ніколі раней яна не чула ад Лявона такіх слоў, а можа i чула, ды не зважала, не верыла.
Зноў загаварыў Мокрут ужо каля самых Дабрасельцаў.
— Перад табою я таксама адчуваю віну. Гора я табе ўчыніў вось гэтай няпраўдай наконт Печкі. Я, канешне, ведаў, што ты не вінавата. Мне проста хацелася не паддацца табе. Хочаш, я напішу аб усім Валодзю. Праўду напішу.
— Не трэба, — ціха адказала Даша, — без цябе напішуць.
— Ну, то будзь здарова, — халаднавата прамовіў Мокрут, спыніўшыся насупраць Платонавай хаты і працягваючы дзяўчыне руку.— Дзякуй табе, што прайшла са мною, не ўцякла.
— А ты ж куды? — спытала Даша, заўважыўшы, што старшыня не збіраецца ісці дадому.
— А вунь, бачыш? — паказаў Мокрут на млынароў дамок. — Там яшчэ святло гарыць. Пайду туды...
17
Сесія сельсавета павінна была адбыцца неўзабаве пасля сходу партыйнай арганізацыі, аднак па розных нечаканых прычынах яна ўсё адкладвалася. Гэтыя прычыны ў большасці выпадкаў з’яўляліся з-за Мокрута, якому вельмі хацелася адцягнуць сесію. То ён раптам знікаў на некалькі дзён, а ў сельсавеце прасіў сказаць, што паехаў у горад па справах, то прыкідваўся хворым, хоць дома i не ляжаў. Былі, відаць, свае меркаванні ў чалавека. Магчыма, жыло спадзяванне, што ўсё гэта ператрэцца, перамнецца i забудзецца, магчыма, вялася нейкая падрыхтоўка для большага апраўдання.
Нарэшце, Павел Паўлавіч, як прадстаўнік райвыканкома, цвёрда вызначыў дзень, і сесія прайшла. Паколькі ні ў Дабрасельцах, ні ў Чырвоных маках клуба яшчэ не было, то сесія праходзіла ў школе, у тым жа самым класе, у якім быў не так даўно i партсход. 3 партыйнага сходу Лявон Мокрут выйшаў тады самым першым, а з сесіі цяпер — самым апошнім. Калі б не прышла ў клас прыбіральшчыца ды не зазваніла ключамі, то былы старшыня, напэўна, і начаваў бы ў школе.
На вуліцы ўжо нікога не было, калі Мокрут, угнуўшыся, крочыў каля платоў. ён прыкідваў сам сабе, куды б яму пайсці, дзе б гэта пабыць аднаму, бо ні сустракацца з кім-небудзь, ні гаварыць яму сёння не хацелася. Успомніў, што можна ж яшчэ зайсці ў сельсавет, што фармальна ён яшчэ не пазбаўлены такога права. Апусціў руку ў кішэню кожанкі, абмацаў там два звязаныя шнурком ключы. Залішне халоднымі і слізкімі здаліся яму гэтыя ключы. Узяць бы іх ды выкінуць у снег, няхай бы потым узламвалі кабінет тыя, каму гэта трэба. Ключы, абыякава падчэпленыя пальцам за шнурок, тонка, нібы жалобна, дзінькнулі, калі Мокрут выцягнуў іх з кішэні. Міжвольна прыгадаўся звон ключоў прыбіральшчыцы. Як паглядзела гэтая жанчына на яго, былога старшышо сельсавета! Відно было адразу, што каб ён не заварушыўся, не заспяшаўся апранацца, то яна выгнала б яго з класа.
Замок на сельсавецкіх дзвярах быў пакрыты тонкай пякучай намараззю. Мокрут узяў яго цёплай рукой, i, пакуль адкрываў, пальцы шчыпанула хоць і перадвясеннім, але яшчэ сярдзітым марозікам. Чалавек амаль не адчуў гэтага. Дзверы скрыпнулі нейкім чужым і непрыветным скрыпам. Яшчэ адзін замок, i яшчэ адны дзверы. 3 кабінета дыхнула цяплом i звычнай гаркаватасцю ад нядаўняга курэння. Не запальваючы лямпы. Мокрут знайшоў свой цвічок у сцяне, распрануўся і павесіў на яго кожанку, шапку, потым прайшоў да папоўскага крэсла. Палавіцы скрыпнулі так моцна, што чалавек аж спужаўся гэтага скрыпу. Колькі часу давялося пасядзедь у гэтым крэсле i нават паспаць! Заснуць бы i цяпер, забыцца пра ўсё.
Мокрут усім скволеным тулавам узлягае на падлакотнікі, адкідвае галаву на высокую спінку. Прыемна было некалі вось гэтак адпачываць, а падчас i гаварыць з людзьмі.
На двары мільгае ў белых хмарках вельмі ўжо праворны месяц, таму па стале ўвесь час бегаюць кароткія цені. Стракаціць у вачах ад гэтых ценяў, а яшчэ больш стракаціць ад розных паперак, квіткоў і бланкаў, што ў беспарадку валяюцца на стале. У сельсавеце няма цяпер сакратара, а сам Мокрут i раней не клапаціўся аб парадку ў канцылярскіх справах. Цяпер жа дык i гаварыць няма чаго. Паблісквае перад апушчанымі ўніз вачамі вышмараваны локцямі і далонямі паўкруглы рубец стала. Варта хоць трошкі працягнуць з падлакотніка руку, і ўказальны палец ляжа на гэты рубец. Маленькі рух, і пачуецца звычны стукат. Колькі людзей з крыўдай і непрыязню глядзелі на гэты палец, колькі разоў балюча моршчыліся, слухаючы гэты стукат!
Дрымоты не прыходзілі, хоць Мокрут не збіраўся хутка ўставаць з гэтага крэсла. У галаве шумела ад страшэнкай блытаніны думак, ад безлічы самых супярэчлівых уражанняў і ўспамінаў. Бывала, на сесію за вушы чалавека не прывалачэш, а тут, глядзі, амаль поўная школа людзей. I дэпутаты ўсе да аднаго, і настаўнікі. Сямён Казырок вунь адкуль i то прышоў, нават зладна махаў рукой, калі звонкі Дашын голас чуўся ва ўсіх кутках. Успомнілася, што і Аксіння, Валодзева маці, вельмі ж ужо старанна слухала Дашына выступление, ківала ў знак згоды галавой, а потым, калі дзяўчына вярталася на сваё месца, злавіла яе за рукаў i доўга нешта шаптала на вуха, ласкава ўсміхалася. А яшчэ зусім нядаўна гэтая жанчына верыла яму, Мокруту.
Пасля Дашавага выступления захацелася зноў узяць слова самому. Слова далі, а слухаць не слухалі. Стары Платон пачаў у гэты час нешта гаварыць Мітрафану, а той без усялякага ўтрымку смяяўся i весела паглядваў на свайго старэйшага сына. Гэты толькі што прыехаў, а ўжо тут.
I хто іх зваў на сесію?
...Перад вачыма — людскія рукі, паднятыя над галовамі. Так многа рук. Павел Паўлавіч сказаў падняць рукі толькі дэпутатам, а паднялі ўсе. Цяжка было ўтрымацца, каб не зірнуць. Андрэіха сядзела воддаль, дык аж устала, каб усе бачылі яе руку.
— Дабрасельскі! — звярнуўся Павел Паўлавіч да Івана. — Палічы галасы!
Той устаў, выцягнуўся на даўжэйшай назе, каб лепш бачыць.
-— Аднагалосна!— праз якую хвіліну абвясціў ён. У голасе — цвёрдасць i гучнасць. Гэтага раней не было.
— Ды ўсе прагаласавалі! — пацвердзіў з задніх радоў Ціхоня.
Бач, і ён абазваўся!
Усё гэта асабліва крыўдзіла i злавала Мокрута. Ніколі раней ён не зважаў на якоесьці там галасаванне. Сам заўсёды падымаў руку без усякіх думак у галаве i на людскія галасы паглядваў з насмешкай. А тут прагаласавалі, i ён ужо не старшыня.
Правая рука неяк сама сабою паехала па слізкаму падлакотніку ўперад, аднак пальцы не дацягнуліся да стала, каб пастукаць, а квола, нібы самлелыя, упалі на сцягно. Тут яны, паварушыўшыся, хутка намацалі кішэню, у якой ляжаў круглы футлярчык з пячаткай. Пад сэрцам у Мокрута зашчымела. Заутра здаваць гэтую пячатку, а як жыць без яе? Перад вачыма раптам паўсталі суседзі-дабрасяльчане. 3 самага ранку яны возяць на поле гной, рукі іх у гэты час брудныя i непрыемна пахнуць. Андрэіха носіць дадому маленькіх парасят, тут іх абсушвае, абагравае, поіць малаком. А Даша начуе на ферме ў час ацёлаў і ў такія дні ходзіць з пачырванелымі ад бяссонніны вачыма. I ўсё гэта людзі, і шчасце ў іх, мабыць, больш, як у яго самога.
Лявон рэзка адштурхнуўся ад спінкі крэсла, устаў i нервова захадзіў па кабінепе. Хадзіў ён так з паўгадзіны, палавіцы скрыпелі, нібы крышыліся ў яго пад нагамі. Іх даўно ўжо нe праціралі вадой. Потым былы старшыня падышоў да свае кожанкі, рвануў яе так, што цвік сагнуўся, ці вешалка разарвалася, паспешна апрануўся і рушыў з сельсавета. Дзён тры яго ніхто не бачыў і ніхто не ведаў, дзе ён каратаў ці прасвістваў свой час. На чацвёрты дзень позна ўвечары Мокрут з’явіўся на дабрасельскай вуліцы. Ніхто і ў гэты час яго не заўважыў: дзетвара ўжо спала, а ўсе дарослыя былі на калгасным сходзе. Ішоў Мокрут, не спяшаючыся, і глядзеў увесь час толькі сабе пад ногі. Ён і рад быў, што ніхто не трапляўся яму насустрач.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.