Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля Страница 25
- Категория: Разная литература / Прочее
- Автор: Алесь Жук
- Год выпуска: -
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 30
- Добавлено: 2019-05-13 12:14:34
Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля» бесплатно полную версию:Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля читать онлайн бесплатно
— Бач, зрабі чалавеку добра, яму яшчэ лепш захочацца. Як таму мядзведзю, дай пакласці лапу, ён і сам узлезе.
— А што табе, грошы лішнія буцуць? Я і чарку пастаўлю.
— Свая ці з магазіна?
— Ёсць і такая і такая.
— Хлебная?
— Хлебная.
— Э-э, заробіш, дзядзька, на табе, як Заблоцкі на мыле.
Шафёр пераключыў хуткасць, і зноў напорыста загуў матор.
На развілцы ён павярнуў налева, і Сцяпану падумалася, што трэба будзе яшчэ нечым аддзячыць хлопца.
— У мяне цяпер штрыфель, як мёд.
— А мёду няма?
— Не.
— Яблыкамі і мая цешча свіней корміць.
Машына ішла лёгка, быццам па дарозе гэтай шафёр кожнага дня ездзіў. Ён, не пытаючыся, звярнуў і з гравійкі туды, дзе здалёку была відна адзінокая лямпачка над кароўнікам і ўжо не свяцілася ніводнага акна на ўсю вёску.
I святло машыны на вуліцы, і матор яе, здалося, пабудзяць усю вёску. Шафёр ля хаты Дзямідчыка круцянуў руль, завярнуўся і затармазіў амаль ля самых варот.
— Вылазь, дзядзька, як міністра, цябе да парога давёз.
Дзямідчык зашавяліўся, палез у кішэню па грошы.
— Не трэба, дзядзька, грошы. Дзякуй скажы, і добра будзе.
— Як гэта цяпер — скажы дзякуй і будзь здароў. Другі раз і затармазіць палянуешся. Зайдзі хоць на чарку.
— Калі не шкадуеш, дзядзька, бутэльку свае дай, тады я табе дзякуй скажу.
— Можа, у хату зойдзем?
— Не, дзядзька, не. Мне ехаць трэба, а то спазнюся, то яшчэ жонка да суседа збегае.
Сцяпан прынёс шафёру бутэльку і яблык наклаў у кішэню самых наліўных.
Той адкаркаваў бутэльку, добра пацягнуў, моцна ляпнуў па корку:
— Маладзец, дзядзька, гарэлка добрая.
— А ты не баішся за рулём?
— За маім рулём, дзядзька, можна і паўзатора выпіць, абы толькі пасля гэтага ехаць мог. Будзь здароў, дзядзька!
— Заходзь да мяне, як будзеш у нас.
Дзямідчык яшчэ пастаяў на двары, прыслухоўваўся да мокрае і глухое ночы, да вёскі, якая не абзывалася ніводным гукам, правёў вачыма машыну, што прывезла яго ў гэтую цемру і цішыню і знікала двума, як ваўчыныя вочы, агеньчыкамі. Як толькі яны прапалі з вачэй, пайшоў у хату і Сцяпан.
XIV
Мішка газаваў, як толькі можна было па гравійцы — вакол машыны плыла цёмная восеньская ноч. Невядома, чаму ён павёз гэтага старога — нібы не было чаго рабіць. Але цяпер не каяўся. Прыемна адчуваць, што ты ўсё можаш. Ён любіў прыязджаць да цесця з горада, з цеснага пакойчыка ў старой, прапахлай мышамі драўлянае хаты, дзе яны кватаравалі з Аксанаю. У цесця ўсё было дагледжана, усё зроблена, выфарбавана ў хаце, даведзена да парадку на двары. У цесця заўсёды было часу пасядзець за сталом, выпіць чарку. Дома вечна спяшалася на свой кароўнік маці, вечарам прыходзіў на падпітку з работы бацька, і яны пачыналі сварыцца між сабою. Колькі памятае сябе Мішка Пракаповіч, гэтак было ў іхняй хаце. Бацькі старэлі, але лад не мяняўся, і Мішка прывык да такога жыцця, нібы так і патрэбна было... Цяпер міжволі не надта спяшаўся заязджаць дадому. Ды і выйшла яно неяк само сабою так, што пасля арміі дачка гадавалася ў цесця і цешчы, а таму і яму выпадала прыязджаць туды, ды і грошы на кааператыўную былі цесцевы. Хутка атрымае сваю кватэру, пераселіцца, і тады не трэба будзе амаль кожнага тыдня бываць у цесця. Там, у горадзе, не дастануць Мішку хітравата прыжмураныя цесцевы вочы, якія ўсё ведаюць і ўсё бачаць. Цесць умее неяк непрыкметна паставіць усё так, што Мішка, хацеў ці не хацеў, рабіў па цесцевай указцы. Цяпер Мішка ведаў, што гэта цесць ажаніў яго на Аксане.
Мішка сцепануў плячыма, ямчэй сеў на сядзенні, мацней узяўся за баранку, націснуў нагою на педаль газу, як зліўся ў адно з машынаю...
***
...Збіралі вучняў па вёсках раніцаю. Было цёмна, мокра, як заўсёды перад замаразкамі. Мішка і цяпер, калі ўспамінае пра тое, не ведае, што пацягнула яго пасунуцца на лаўцы і паклікаць Аксану да сябе:
— Ідзі сюды. Тут месца ёсць...
Лаўка была пры самай кабіне, да пярэдняга борта можна было прытуліцца плячыма.
Ехалі да Ленінграда цэлымі днямі, прыхватваючы вечары і досвіткі. 3 дарогі сама больш запомніліся світанні — густыя, асеннія, з нечакана суровым фіяіетавым водсветам на небе, які клаўся таксама і на бліскучую чорную стужку шашы. У памяці назаўсёды засталіся тая дарога і цёплае, даверлівае Аксаніна дыханне на плячы ў яго. Хацелася, каб яна даў’жэй спала і каб даўжэй чуць цяпло яе шчакі.
Пацалаваў ён Аксану, калі дарога канчалася, ужо ў Ленінградзе. Пацалаваў, сам баючыся да адчаю, што больш ніколі не будзе так блізка да яе.
Пасялілі іх на Кіраўскім базары, у калгаснай гасцініцы, чыстай, барачнага тыпу будыніне.
3 гадамі ў памяці сцерлася вастрыня ўражання ад вялікага горада, але запомнілася, што ён купіў вінаграду, яблык, цукерак. Яны з Аксанаю не пайшлі ў горад, засталіся ў пакоі, замкнуліся, елі вінаград і цалаваліся да знямогі.
Запомнілася, як і вярнуліся з тае школьнае экскурсіі. Ноч была месячная, высокая. Бялела зямля, качаў’ся па ёй у клубах дарожнага пылу марозны, калючы вецер, перабягала цераз дарогу насохлае калянае лісце.
Ён вылез у канцы вёскі. Не свяцілася ніводнае акно ў хатах, толькі месячнае святло плыло над стрэхамі, па сценах хат, толькі белая вымаражаная вуліца, качючы зазімкавы вецер, цішыня.
У іх дома гарэла святло, чутны былі галасы. Ён здагадаўся, што бацька зноў п’яны, што дома сварацца.
Ён не заходзіў у хату — упершыню за ўсё сваё жыццё адчуў, што не хочацца дадому, як стрэмка, кальнула душу вострае жаданне — каб хутчэй пакінуць усё тут, каб толькі ў іншы свет.
Назаўтра вечарам ён пакурэў на веласіпедзе ў Аксаніну вёску. 3 таго і пачаліся іхнія школьныя сустрэчы...
***
Гравійка была перакапана — яшчэ з самага лета пачалі падсыпаць яе. На палавіну дарогі нассыпалі з самазвалаў пяску, потым рассунулі, разраўнялі бульдозерамі. Няўкатаная коламі дарога пасля восеньскіх дажджоў размокла, разбілася ў глыбокія каляіны.
Машына цяжка ішла па пяску, аж падвывала маторам. Мішка ехаў спакойна: ведаў, што машына выедзе — пакуль што яна ішла толькі на заднім мосце, пярэдняга ён не ўключаў.
Цяпер ён усё роўна як здалёку бачыў таго хлапчука-школьніка, з тымі яго наіўнымі жаданнямі і спадзяваннямі нешта памяняць у сваім жыцці. Таму і паехаў паступаць — а паехаў таму, што ўсе ехалі, што некуды трэба было пасля школы ехаць паступаць, такая завядзёнка была не першы год,— паехаў у ветэрынарны інстытут і не паступіў, пасля тройкі на першым экзамене з палёгкаю вярнуўся дадому. На наступны год вясною яго забралі служыць у армію.
***
...Аксана не ездзіла паступаць ні ў якія інстытуты — яна паступіла ў медыцынскае вучылішча, там працавала нейкая сваячка Аляксандра. На выхадныя прыязджала дадому, а Пракаповіч да яе — ён сеў у капгасе на старшынёўскага «козліка». Ездзіў як сталы кавалер, машына аставалася пры варотах Аксанінай хаты, а на выхадныя заходзіў вечарам і ў хату, вячэралі разам з будучым цесцем і выпівалі чарку.
Яму па душы была такая самастойнасць і павага да сябе, ды і Аксана прывыкла да яго і давярала зусім.
Пад вясну ўжо аднаго вечара ён вярнуўся дадому крыху раней, чым звычайна,— збіраўся ехаць да Аксаны.
У хаце чуліся галасы, ярка гарэла святло. За сталом у большым пакоі сядзеў ужо добра на падпітку бацька, маці падавала з веранды на стол спечаную на патэльні каўбасу.
Аксанін бацька, паголены, чырвоны, чысты з твару, у белай сарочцы, зашпіленай на ўсе гузікі, у суконным шарсцяным цёмна-сінім двухбортным пінжаку, як рыжык, моцна сядзеў за сталом. I па тым, як сядзеў ён, і як гаварыў, і нават як закусваў, чутно і відно было, што ён не альбы-хто і што без павагі да яго тут ніяк нельга.
— А, і ты лёгкі на паміне! Ну давай, давай сюды! — Бацька перастаў абдымаць госця, махнуў рукою Мішку.
Аксанін бацька мякка, але настойліва супакоіў яго, пасадзіў на месца, прыветна ўсміхнуўся Мішку.
— Сядай за стол, Міша. Я вот прыехаў, у госці завярнуў,— ён сам наліў Мішку чарку.
— Ты ў мяне глядзі, я, калі што якое! — парываўся нешта сказаць Мішку бацька, але госць зноў супакоіў яго, падклаў на талерку агурок.
Маці толькі снавала ля стала, дакорліва паглядзела на Мішку.
Толькі пасля трэцяе чаркі, калі Мішка зусім зразумеў, што Аксанін бацька тут не проста так, сам ён і сказаў:
— Тут такое дзела, Міхаіл. Я думаў, Аксана табе сказала і ты дома перагаварыў, а можа, і не адважыўся. Дзела маладое,— ён па-свойску падміргнуў Мішку.— Ну вот, я думаю, заеду і заадно са сватамі дагаворымся, калі што і як зладзім. А то ж нягожа, табе ў армію, дзеўка дзіця родзіць незамужняю.
— Вы пра каго? — па-дурному вырвалася ў Мішкі, і ён не заўважыў, як само сабою ўзяў на відэлец кавалак мяса з госцевае талеркі.
— Ну, ты ж сам памятаеш... Гм, адным словам, мы тут з тваімі бацькамі пагаварылі і рашылі, што другое рады вам няма, як ажаніцца. Я ж думаў, ты не проціў, Аксана не проціў, а мы ўжо са сватам музыку ноймем, гарэлкі выжанам,— Мікалай весела прыабняў, паляпаў па плячах Мішкавага бацьку.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.