Аляксей Кулакоўскі - Да ўсходу сонца Страница 6

Тут можно читать бесплатно Аляксей Кулакоўскі - Да ўсходу сонца. Жанр: Разная литература / Прочее, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте «WorldBooks (МирКниг)» или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Аляксей Кулакоўскі - Да ўсходу сонца

Аляксей Кулакоўскі - Да ўсходу сонца краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Аляксей Кулакоўскі - Да ўсходу сонца» бесплатно полную версию:

Аляксей Кулакоўскі - Да ўсходу сонца читать онлайн бесплатно

Аляксей Кулакоўскі - Да ўсходу сонца - читать книгу онлайн бесплатно, автор Аляксей Кулакоўскі

— Куды вы мяне нясеце, браткі?— жалліва спытаў ён.

Зіна, ідучы з Машкіным наперадзе, прыпыніла крок, аглянулася. Яна ўпершыню пачула гаворку гэтага байца і ўзрадавалася, што, магчыма, яму стала лепш. Яна паімкнулася загаварыць з хворым, але Грыцко апярэдзіў яе.

— У шпіталь едзем, — сказаў ён спакойным голасам, — у шпіталь, браце.

— Не трэба мяне нікуды несці,— стаў прасіць хлапец,— не трэба мучыцца. Усё роўна ўжо...

I пасля гэтага ён зноў прыціх. Зіна чакала, што баец скажа яшчз што-небудзь, але ён пачаў стагнаць цяжэй, як раней.

— Мабыць не ачуньваюць людзі, калі іх параніла ў галаву?— задумліва прамовіла Святлана.

Грыцко адразу адказаў:

— Самая цяжкая рана — гэта ў жывот, а ў галаву нічога. Галава ў чалавека моцная.

— Калі i выжыве,— працягвала Святлана,— то можа калекам застацца: уздурнее або яшчэ што...

— Хто?

— Ну вось ён.

— Нічога кепскага з ім не будзе,— упэўнена сказаў Грыцко.— Быва­ла мы на скачках колькі разоў пераляталі цераз галовы коней i чорт нас не браў: цэлымі заставаліся і мазгі варылі.

— Дык то на скачках,— не згаджалася дзяўчынка.

— А што на скачках?—пачынаў ужо ісці на спрэчку Грыцко.— Ты яшчэ не ведаеш, што часам бывае на скачках. Бывае там горш, як на фронце. Аднаго разу наш камандзір узвода Бандарэнка так грымнуўся разам з канём, што думалі — канец. А паляжаў крыху ў санчасці і ўстаў. Каня больш лячылі, чым яго.

— «Лютага»? — нясмела спытала дзяўчына.

— Не, тады ён быў на другім кані. «Люты», ого! «Люты» не спаткнецца. У яго ногі, як у чорта. Хату пераскочыць i не пачуеш, седзячы на ім. Ты, нябось, часта ўспамінаеш «Лютага», га?

Святлана маўчала, Грыцко адчуў, як пры яго пальцах задрыжала яе рука.

— Чаму ты нічога не кажаш?

Дзяўчынка ўздыхнула i прызналася, што Зіна просіць не распытваць пра вайсковы гарадок.

— Гэта яна баіцца, — сказаў Грыцко.—-А чаго тут баяцца? Я вось таксама ўсё не мог з табой пагаварыць, хоць адчуваю, што ты чакаеш гэ­тага. Гарадка ўжо няма, вядома, а людзі ёсць. Людзей нашых не так лёгка знішчыць. Твой бацька, напрыклад, жыў і здароў. Сам бачыў, як ён лётаў на кані між казармаў і аддаваў распараджэнні. Бачыў, пакуль разанула мне па вачах, а потым чуў яго голас. Ты надта не бойся за свайго бацьку. Чалавек ён смелы, адважиы, а смелых і кулі не бяруць. Помніш Чапаева?

— А Бандарэнка як?—ціха спытала дзяўчынка.— Ці не бачылі вы Бандарэнкі?

— Як-жа не бачыў,— ахвотна пачаў расказваць Грыцко.— Разам бы­ль Ты толькі добра трымайся, а то тут ужо няроўна пад нагамі: жыта скончылася. Бярыся за маю руку, калі хочаш. Разам мы был! з камандзірам узвода, i абодвух нас адным махам аглушыла. I абодвум нам павязло, трэба сказаць. Мне хлопцы памаглі выбрацца, а Бандарэнку — «Люты». Калі загарэліся канюшні,— гэта мне байцы потым расказаль— «Люты» сарваўся з прывязі і з дзікім гігатам пачаў насіцца па гарадку, шукаць свайго гаспадара. Байцы злавілі яго, падвялі да параненага Бандарэнкі. «Люты» ўбачыў ляжачага камандзіра, ніха заржаў і апусціўся перад ім на пярэднія калені. Памаглі камандзіру сесці, і «Люты» ўстаў, раздзьмуў ноздры, выцягнуўся і плаўна, але віхрам памчаў на выхад, хоць там рваліся бомбы і ўсё было зацягнута дымам. Вынес камандзіра з агшо, а там наша санітарная машына падабрала яго. Машына пайшла па шашы, а «Люты» з усёй сілы пусціўся за ёю. Памчаў так, што толькі і бачылі яго. Так што ты не бойся i за Бандарэнку.

Святлана ішла моўчкі, стараючыся больш глядзець пад ногі, каб не спатыкацца i не штурхаць насілак. Твару яе не відно было, таму Грыцко не мог вызначыць, паверыла яна яго словам ці не. Яму вельмі хацелася, каб яна паверыла, хоць i цяжка было гаварыць дзяўчынцы няпраўду i шкада было яе за тое, што яна так уважліва слухае і ўся дрыжыць ад хвалявання.

— Дзе-ж цяпер «Люты»?—нібы спытала, нібы так сабе сказала Святлана.

— «Люты»?..— Грыцко быццам не адразу расслухаў пытанне.— Гэты конь не прападзе. Вярнуўся, пэўна, у часць, ваюе цяпер. Такіх коней мала.

Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Адпачылі хвілінку і пайшлі далей. Шлёпаў Грыцко мокрымі ботамі па балоту і ўсё думаў: добра ён зрабіў, што расказаў Святлане нешта падобнае на байку, ці нядобра? Сам ён быў упэўнены, што і камандзір палка і Бандарэнка загінулі.

***

Больш за месяц жылі байцы непадалёку ад дарогі. Спачатку ў тым хмызнячку, куды перабраліся ў першую ноч, а потым знайшлі яшчэ больш зручнае месца. Па дарозе сунулася, плыла фашысцкая зграя. Сунулася яна да таго самаўпэўнена, што амаль не азіралася па баках. Удзень з-за той жытнёвай горкі, што аддзяляла хмызнячок ад дарогі, можна бы­ло наглядаць клубы пылу, калі машыны і ўсялякая іншая тэхніка кранала шынамі абочыну. У лясок далятаў лязгат гусеніц і гул матораў. А начамі амаль заўсёды было ціха і быццам-бы нават спакойна. Спакой тэ­ты непакоіў і хваляваў хлопцаў горш, як недалёкія стрэлы, як узрывы бомбаў. Людзі, адарваныя ад усяго свету, ледзь не пазбаўленыя слыху, зроку, руху, палохаліся гэтай цішыні. Нахлыналі цяжкія думкі, з’яўляліся жудасныя здагадкі. Калі ўсюды гэтак ціха, то можа няма i супраціўлення ворагу, можа ўсе нашы байцы ляжаць вось так у розных месцах, хто паранены, а хто забіты, можа ўся наша тэхніка ляжыць вось гэтак-жа на дарогах, як тая машына, на якой яны не так даўно ехалі. Дзе-ж цяпер фронт, куды зайшоў вораг?

У гэтыя зманлівыя па сваёй цішыні ночы, а часам і ўдзень Зіна i Святлана выходзілі з лагера. Зіна завязвала тады чорную хустку, падарунак адной бабулі, каб на людзях выглядаць старзйшай, каб Святлану маглі прызнаваць за яе дачку. Хадзілі яны ў бліжэйшыя вёскі, а іншы раз наведваліся і ў далёкія. Перад некаторымі людзьмі яны былі проста бежанцамі, а перад некаторымі — самі сабой. Толькі яны маглі здабыць для раненых кавалак хлеба і сёе-тое да хлеба, толькі яны маглі знайсці такіх людзей, да якіх можна было потым наведацца Грыцку, Машкіну або шафёру. Праз гэтых людзей іншы раз удавалася ўлавіць якую-небудзь вестку з фронта. Цяжка было верыць ёй, аднак-жа, калі гэта была прыемная вестка, то не трэба было ў той дзень для раненых лепшага лякарства.

У вялікай трывозе і напружанасці праходзілі дні. Тыя, што трымаліся на нагах, і тыя, што павінны былі хутка стаць на ногі, трывожыліся за сяброў, раны якіх не гаіліся. Такога доктара, як машыністка Зіна, мала было для гэтых хворых. Трывога i боль за блізкіх сяброў зліваліся з трывогай i болем за сяброў далёкіх, за родныя хаты, за бацькоў i матуль, за ўсю Радзіму. А становішча ў лагеры ўсё горшала i горшала. Мала таго, што кожную гадзіну трэба "было думаць, як хавацца, як здабываць харчы i самыя неабходныя медыкаменты, дык неўзабаве дайшло да таго, што трэба было і хараніць сваіх сяброў. А хто на свеце быў бліжэй за тых, з кім было пражыта хоць некалькі такіх суровых дзён?

Калі памёр чарнявы баец, ранены ў галаву, Святлана так прыняла гэта да сэрца, што за яе самую станавілася страшна. Спачатку дзяўчынка плакала, а потым стала скардзіцца на боль у галаве. Ёй не толькі шкада было хлопца, якога яна больш за ўсіх даглядала, як магла i чым магла, лячыла,— у яе знікла надзея на тое, што загоіцца свая рана, што не пакіне яна ніякага следу на галаве або нават і ў галаве. Колькі гора было Зіне ад гэтага; колькі гадзін адарваў ад неабходнага сну Грыцко, каб суцешыць дзяўчынку, каб вярнуць ёй хоць трохі спакою.

Што далей, то ўсё больш i больш лагер прымаў абжыты выгляд. Даволі ўтулыіымі станавіліся нізкія, добра замаскіраваныя буданчыкі, мякчэлі ў іх пасцелі для раненых. Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Быў нават выкапаны свой калодзеж. Але-ж, калі непадалёку з’явілася i све­жая магілка, то некаторым пачало здавацца, што ўсе буданчыкі падобны на яе. Потым буданчыкаў станавілася ўсё менш, а магілак больш. Іх цяжка было абысці тым, хто нёс пэўную службу і выходзіў, скажам, па грыбы або па ягады. Адкуль-бы ён ні падыходзіў, усё роўна нейкая сіла натыкала яго спачатку на магілкі, а потым на буданы. Яшчэ цяжэй было ляжаць тут людзям нерухомым, тым, якія яшчэ не ведалі, вылезуць яны калі-небудзь з будана самі ці можа іх вынесуць адтуль. Калі-ж вынесуць, то ўжо вядома куды. Гэтыя людзі не бачылі магілак, але нібы адчувал! іх побач з сабою i па начах снілі або бачылі ў трызненнях тых сваіх сяброў, якія яшчэ зусім нядаўна ляжалі побач з імі.

Спалох смерці вітаў над лагерам, аднак жыццё брала сваё. Як ні цяжка было часам да ўсходу сонца, а першы летні прамень весяліў вочы нават тых, якія мала глядзелі на свет, рассейваў пакутлівыя сны, праганяў галаўны боль у Святланы. I людзі папраўляліся. Магутны арганізм беларуса, зінінага земляка, хутка пераадольваў вялікую знямогу ад ран. Ногі яго паступова выпростваліся, набывалі пруткасць. Грыцко ужо даўно зрабіў яму кастылі, але яны ляжалі пакуль што ля боку хлопца i чакалі свае пары.

— Ты, Міхал, лішне не залежвайся,— часта гаварыў байцу Грыц­ко.— Ты не думай аб тым, як ты дзе ляжаў і колькі ляжаў, а ўспамінай, як ты на вечарынках аджарваў гапака. Скакаў ты гапака?

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.