Алесь Марціновіч - Былое, але не думы Страница 9
- Категория: Разная литература / Прочее
- Автор: Алесь Марціновіч
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 41
- Добавлено: 2019-05-14 12:21:56
Алесь Марціновіч - Былое, але не думы краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Алесь Марціновіч - Былое, але не думы» бесплатно полную версию:Алесь Марціновіч - Былое, але не думы читать онлайн бесплатно
Тым разам я ехаў у адзін з калгасаў разам з нашым фотакарэспандэнтам Зушчыкам. Было гэта ўлетку. Калі я сказаў пра гэта гаспадыні, яна, пачуўшы ад мяне назву гаспадаркі, папрасіла:
— Вазьмі і мяне з сабой.
Нічога падобнага раней за ёй не назіралася.
— Вы што, Маркіянаўна, журналісткай хочаце стаць? — засмяяўся я.
— Там такія лясы, — сур’ёзна адказала яна. — Ягад шмат.
— Едзем, — пагадзіўся я.
Рэдактара папярэджваць не стаў, бо ў гэтым асаблівай неабходнасці не было, таму што адхіляцца ад вызначанага маршруту мы не збіраліся. Толькі, калі Маркіянаўна садзілася ў машыну, фотакарэспандэнт чамусьці ўсміхнуўся. Я строга глянуў на яго, баючыся, каб чаго-небудзь не ляпнуў. Для такой боязі ў мяне былі падставы.
Маёй гаспадыні было ўсяго сорак пяць гадоў. Незадоўга да майго прыезду ў Драгічын памёр яе муж, які працаваў рэдактарам нашай жа газеты. Два старэйшыя сыны Маркіянаўны, будучы жанатымі, жылі ў іншых гарадах, малодшы вучыўся ва ўніверсітэце ў Мінску. Дык рэдакцыйныя зубаскалы — больш стараўся Зушчык, але і Васіль Андрэевіч часам жарцік прапускаў.
Па пад’ездзе да вёскі, да якой кіраваліся, дамовіліся, як быць са збіраннем ягад. У часе нас ніхто не рэгламентаваў, таму сышліся на тым, што падвязём
Маркіянаўну да лесу, а потым шафёр забярэ яе. Так і зрабілі. Пакуль сустракаліся з героямі сваіх будучых матэрыялаў, мая гаспадыня спакойна збірала ягады. Калі ж шафёр забраў яе, мне заставалася пагутарыць яшчэ з адной даяркай, а Зушчык павінен быў яе сфатаграфаваць. Паехалі ці то да яе на ферму, ці то да яе хаты разам з Маркіянаўнай.
Знайшлі гэтую даярку, я пачаў размаўляць з ёю тут жа. Раптам з машыны выходзіць мая гаспадыня, глядзіць на гэтую даярку. Не, глядзіць — не тое слова. Яна страляе ў яе вачыма. Так страляе! Адчуванне такое, што з вачэй Маркіянаўны вылятаюць іскры, якія ператвараюцца ў вогненны паток. Са зваротнага боку накіроўваецца гэткі паток, бо страляе вачыма і даярка. Ад такой нечаканай рэакцыі дзвюх жанчын, я стаю, як аканямелы, не ведаючы, як паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі.
На выручку прыходзіць Зушчык.
— Час ехаць, Саша, — кажа ён. — Чаго затрымлівацца? Здымак я зрабіў, ты пагутарыў.
— Едзем, — згаджаюся я і спяшаюся развітацца з гераіняй майго будучага нарыса.
Тая скрозь зубы кажа «Да пабачэння», але не на мяне глядзіць, а на Маркіянаўну. Правільней, на спіну глядзіць, бо мая гаспадыня, акінуўшы апошні раз спапяляючым позіркам яе, накіравалася ў машыну. Я паспяваю заўважыць, як Зушчык ва ўвесь рот смяецца. Праўда, не гучна, а моўчкі, бо ён то ведае, што гэта той выпадак, што празмернае праяўленне сваіх эмоцый можа дорага каштаваць. Жанчыны ёсць жанчыны, чаго добрага напаследак яшчэ счэпяцца. Здагадваюся ўжо і я, што для ўзаемнай нянавісці ў Маркіянаўны і гэтай даяркі ёсць нейкая вельмі важная падстава. Але ж не будзеш спрабаваць высветліць, у чым усё-такі прычына.
Па дарозе ў Драгічын таксама робім выгляд, што нічога не здарылася. Праўда, калі едучы сюды, увесь час размаўлялі, дык цяпер маўчым. Маркіянаўна то і ўвогуле адвярнулася да акна. Відаць, не хоча, каб мы бачылі, як ёй цяжка. Дый так і ўсё відавочна. Калі ж пад’язджаем да яе дома, яна хуценька выходзіць, запытаўшыся ў мяне:
— Ты ў рэдакцыю пад’едзеш яшчэ?
— Пад’еду, — адказваю, бо мне не церпіцца як мага хутчэй даведацца ад Зушчыка, у чым прычына такой узаемнай непрыязі маёй гаспадыні і даяркі.
Зушчыку ж, у сваю чаргу, гэтаксама не церпіцца пра ўсё расказаць. Таму ледзь машына кранаецца з месца, ён рагочучы, звяртаецца да мяне:
— І навошта ты Маркіянаўну браў?
— Маглі б папярэдзіць? — злосна адказваю я.
— Каб жа я ведаў, што яны сустрэнуцца.
— Не гуляйце ў хованкі, — падае свой голас шафёр. — Раскажыце, у чым прычына іхняй узаемнай нянавісці.
— З гэтай даяркай у мужа Маркіянаўны некалі былі шуры-муры, — скаліць зубы Зушчык. — У каго іх не бывае, — ён аблізнуўся, як марцовы кот, — але гэтым разам шырокая агалоска была. Дайшло ўсё і да Маркіянаўны. Яна, мабыць, са сваёй саперніцай недзе сустракалася, іначай адкуль бы ведала яе ў твар. Дый тая адразу пазнала яе.
Дарэчы, пра перадавікоў сацыялістычнага спаборніцтва. Дакладней, перадавічак. Працуючы ў Драгічыне і шмат пішучы пра іх, я заўважыў дзіўную заканамернасць. Пераважная большасць з іх з’яўляліся адзінокімі. Прыкмеціў і яшчэ адну заканамернасць: чым вышэйшая ўрадавая ўзнагарода, тым большы шанец быць упэўненым, што перад табой тая, якая не завяла сям’ю. Апроч таго, зноў жа заканамернасць, па меры ўзрастання ацэнкі працы павялічваецца і верагоднасць, што ардэнаноска прыгажэйшая. Гэта аднак не значыла, што інтэлектуальны патэнцыял такіх перадавічак абавязкова мусіць быць большым.
У гэтым упэўніўся, калі гутарыў з адной гераіняй свайго будучага нарыса. Здаецца, яна таксама была даяркай. Маладая, прыгожая, адзінокая. Узнагароджана ордэнам Леніна. Узнагарода на той час вельмі высокая, другая пасля звання «Герой Сацыялістычнай Працы».
Задаю пытанні. Калі і дзе нарадзілася, зразумела, памятае. Хто бацькі — таксама. Пытаюся:
— А ў якім годзе ордэн атрымалі?
Замест адказу — маўчанне. Нарэшце, прызнаецца:
— Не помню.
— Як не помніце? Вам далі ордэн Леніна, а вы не памятаеце?
— А навошта? — у позірку прысутнічае сама непасрэднасць.
— Што навошта? — не разумею я.
— Навошта памятаць...
Так і пагаварылі. Каб даведацца, калі ўзнагародзілі яе, здагадаўся звярнуцца ў сектар уліку райкама партыі. Там маю просьбу паказаць яе ўліковую картку сустрэлі насцярожана. Хоць і назваўся, хто я. Давялося тлумачыць, для чаго яна неабходна мне. Толькі пасля гэтага задаволілі просьбу. Аднак папярэдзілі, каб нікому не гаварыў, бо парушылі інструкцыю.
Зушчык жа прасвяціў мяне, хто гэтая перадавічка, якая нават не ведае, калі яе ўзнагародзілі ордэнам Леніна.
— Яна — не тая даярка... Яе не рэдактары раёнкі цікавілі.
Ён назваў аднаго высокапастаўленага партыйнага чыноўніка.
Я не збіраюся сцвярджаць, што ўсе гэтыя жанчыны — кепскія. У кожнай з іх — свой лёс і кожная па-свойму шукае сваё шчасце і па-свойму бачыць яго. Як любіла казаць адна вядомая паэтэса, якая працавала ў «ЛіМе», калі я перабраўся ў сталіцу са Слуцка: «Хай кожны жыве з тым, з кім хоча сам». Тым больш, маралізатарства — не для мяне. Увогуле, з насцярогай стаўлюся да тых, хто збіраецца некага нечаму вучыць. Так і хочацца сказаць: лепей спачатку на самога сябе паглядзі, чым кагосьці асуджаць.
Як я палюбіў актрысу Белахвосцікаву
Звяртаючыся у думках у сваё колішняе, драгічынскае жыццё, я найчасцей прыгадваю толькі смешнае, нечаканае, незвычайнае, што неяк разнастайвала маю паўсядзённасць, якая ў цэлым была не такая ўжо і радасная. Я і так належу да людзей, якія кепска прыжываюцца на новым месцы, а тут яшчэ і адарванасць ад бацькоўскага дома. Будучы студэнтам, да бацькоў мог ездзіць больш-менш рэгулярна, бо адлегласць не такая і вялікая, у абодва канцы кіламетраў трыста. Тым больш, што ад нашай вёскі да шасейкі, па якой ішлі аўтобусы ў бок Слуцка і Мінска, усяго нейкія тры кіламетры. Праўда, убіцца ў іх на святочныя дні было праблематычна. Прасцей, паехаць на тых, канчатковы прыпынак якіх у Слуцку, бо там давалі дадатковыя аўтобусы на Мінск. З Драгічына ж трэба было ехаць да Бярозы, а там ужо садзіцца на аўтобус, што ішоў на Бабруйск ці Магілёў. І часу шмат займае, дый нязручна. Таму на выхадныя ў асноўным ці ездзіў са Славам да ягоных бацькоў, ці адзін бавіў час у Драгічыне. Тады і напаткоўвалі мяне нялёгкія думкі. Адчувалася адзінота, увесь белы свет здаваўся нямілы. Прыгадваў і тую, якая мне падабалася. І ніякага выйсця з гэтага становішча не знаходзіў.
Цяпер жа ўсё больш лаўлю сябе на думцы, як гэта добра, што не змог упарадкаваць тады сваё жыццё. Іначай і мог бы засець у Драгічыне назаўсёды. Яшчэ невядома, ці знайшоў бы сямейнае шчасце, а што жыццё творчае магло б не скласціся, так, як склалася, то пэўна. Так што застаецца толькі дзякаваць такой пільнай цётцы маёй знаёмай. Калі гэта, безумоўна, яна пастаралася. А можа, і ні прычым яна. Як не ўспомніць у сувязі з гэтым грубаватую прымаўку: «Любовь — зла, полюбишь и козла». Калі ж любові, кахання няма, то.
Не, супраць Драгічына я нічога не маю. Горад прыгожы, утульны, людзі добрыя, але лепей я адчуваю сябе ўсё ж у Мінску. А пра Валю не забыўся. Праўда, не тэлефаную ёй, бо разумею, што ні мне, а тым больш ёй, гэтыя званкі з мінулага не патрэбны. Але, калі некалькі гадоў назад знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Драгічыне, вельмі хацелася з ёю сустрэцца. Ведаў, што ўжо не першы год працуе дырэктарам адной з сярэдніх школ раёна. А тут, як высветлілася, начальства хоча, каб абавязкова расказалі пра населены пункт, у які запланаваны быў прыезд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Як не напісаць! Тым больш, што мясцовая гаспадарка славіцца сваімі працоўнымі поспехамі, а вёска ператварылася ў адзін з лепшых аграгарадкоў у краіне. Да ўсяго гэты населены пункт знаходзіцца блізка ад той вёскі, у якой нарадзілася Валя.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.