Дэпэш Мод - Жадан Сергей Страница 38
- Категория: Проза / Контркультура
- Автор: Жадан Сергей
- Страниц: 39
- Добавлено: 2020-09-17 11:34:02
Дэпэш Мод - Жадан Сергей краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Дэпэш Мод - Жадан Сергей» бесплатно полную версию:Дэпэш Мод - Жадан Сергей читать онлайн бесплатно
12.30
«Хімік», кажа мне нейкі мясцовы старажыл, партызан-падпольнік, што сядзіць на суседняй лаве, і я выходжу. Вакзалу як такога тут няма, проста пасярод лесу стаяць два павільёны – на адным напісана «Хімік», на іншым – «КАФЭ ХІМІК», трэба было напісаць «Нэскафэ хім і к», думаю я і накіроўваюся да другога павільёна. У кавярні, каля высокага століку, стаіць не хто іншы, як мой сябра Карбюратар уласнай пэрсонай, амаль такі, якім я яго памятаю – у нейкіх кароткіх підарастычных шортах, у футболцы, з задумлівым мангола-татарскім тварам. Толькі ўвесь нейкі абгарэлы і кімсьці пакусаны, у прынцыпе, тут паўсюль лес, розныя маскіты, тарантулы, наагул ня ведаю – якім хімікам трэба быць, каб адправіць сюды на адпачынак сваё дзіцё, гэта ж катарга нейкая.
Карбюратар заўважае мяне, замірае на нейкі момант, а потым ягоны твар расплываецца ў шырокай хашымінаўскай усьмешцы.
– А, прыехаў, – гаворыць Карбюратар.
– Прыехаў, прыехаў.
– Ну, добра, што прыехаў, – гаворыць Карбюратар.
– А што гэта ты, Карбюратар, такі вясёлы? – трохі нэрвова кажу я, але неяк стрымліваюся, кажу сам сабе – ты што, маўляў, ты што, навошта так рэзка? – Як справы, Карбюратар? – пытаюся вясёлым голасам. Во мудак, думаю пра сябе, як у яго могуць быць справы – па-першае, у ягонага айчыма адна нага, а, па-другое, ён ужо застрэліўся.
– Ды нармальна справы, – адказвае Карбюратар і адпівае са шклянкі нейкі сьмярдзючы кампот. – А ты як даведаўся?
Оба-на, думаю, ён ужо ўсё ведае.
– Ну, – кажу, – мне твой дзядзька Робэрт сказаў.
– Сур’ёзна? – Карбюратар кусае нейкі засушаны коржык. – Цікава, а ён адкуль ведае? Ён жа мяне ніколі з гэтым не вітаў.
– З чым не вітаў? – пытаюся.
– Ну, з народзінамі, канешне.
– З чыімі народзінамі? – не разумею я.
– З маімі, канешне, – задаволена давіцца коржыкам Карбюратар.
– А, – кажу я, падумаўшы. – Ну, так, ясна.
– А дзе падарункі? – зноў цешыцца Карбюратар.
– Вось, – кажу я і аддаю яму грэлку. – Трымай.
– О, грэлка.
– Гэта ня грэлка, – кажу.
– А што ж гэта?
– Гэта сьпірт.
– О, – толькі і адказвае Карбюратар.
– Умажам? – пытаюся я і іду да цёткі за касай. – Дайце, – кажу, – мне кампоту. І коржыкаў якіх-небудзь.
– Ты адзін? – пытаецца Карбюратар, ужо калі мы зьмяшалі і выпілі.
– Яшчэ быў Вася, – кажу. – Але ён адстаў. Перадаваў табе віншаваньні.
– Ясна, – кажа Карбюратар, п’ючы сьпірт невялічкімі глыткамі. – Надоўга?
– Ня ведаю, – кажу. – Наступным, мабыць, паеду назад.
– Ты што? Ён жа будзе праз гадзіну. Мы ж так і не пасядзім. Заставайся, заўтра паедзеш. Я цябе ў намёце з піянерамі пакладу.
– Лепш зь піянеркамі, – кажу.
– На рэчку пойдзем, – ня слухае мяне Карбюратар. – Я цябе з важатымі пазнаёмлю.
– А яны нармальныя? – пытаюся.
– Нармальныя, – адказвае Карбюратар, заглытваючы сьпірт. – Нармальныя цёлкі.
– Добра, – кажу я. – Добра. З дому не чуваць нічога?
– Не, – кажа Карбюратар. – Не чуваць. І дзякуй богу.
– Чаго ж ты так?
– Ды заябалі, – гаворыць Карбюратар. – Яны калі зьяўляюцца, пастаянна пачынаюцца праблемы. Асабліва з гэтым мудаком аднаногім.
– Айчымам?
– Ну. Ты разумееш, – кажа ён мне, – я іх яшчэ год таму паслаў, кажу не прыяжджайце да мяне, я вас ведаць, кажу, не хачу, а яны ўсё адно сунуцца. Я на іх даўно забіў, для мяне іх не існуе, разумееш? Яны мяне грузяць. Так што лепш ня згадвай пра іх, тым больш сёньня, я сёньня сьвяткую народзіны, ясна?
– Ясна, – кажу я. – Дзе тут адліць можна?
– Там, – паказвае Карбюратар на дзьверы. – У тайзе.
13.00
Апошняя электрычка на Вузлавую пойдзе праз 45 хвілін. Калі я скажу яму зараз, ён пасьпее сабрацца і недзе а трэцяй будзе там. З Вузлавой, я думаю, ён зможа паехаць дадому аўтобусам, дзядзя Робэрт казаў, што там нешта ходзіць. У прынцыпе, ён пасьпявае. Галоўнае, сказаць яму зараз. Вярнуцца і сказаць. Нешта ня тое. Нешта мяне ламае. Што? Што будзе, калі я яму не скажу? Я не зусім упэўнены, што хачу яму пра гэта гаварыць. Па-мойму, у яго ўсё добра, усе нармальна ва ўсялякім выпадку, так што я ня ўпэўнены, што маю права нешта зараз казаць яму. Зь іншага боку – мяне папрасілі, мне што – усё-ткі яго айчым, і мама хацела яго бачыць, трэба ўсё-ткі сказаць, хай ён нават і не паедзе туды, усё адно – сваю справу я зраблю. Ня ведаю, ці стане мне ад гэтага лепш, у мяне ўсё-ткі нармальная сям’я, нармальныя бацькі, праўда я іх ня бачыў ужо недзе з год, ну, але ўсё адно – у нас зь ім гэта ўсё па-рознаму, так што ня ведаю, ня ведаю.
Я раптам думаю пра Марусю, як яна там, думаю, сядзіць, мабыць, на балконе, у абдымку са сваім Молатавым, які ў нечым падобны да яе таты-генэрала. Чаму яна ня можа вось так сядзець са сваім татам? Што ёй перашкаджае? Ня ведаю, проста калі ты маеш кватэру зь відам на муніцыпалітэт і гараж зь няхай і расхуячаным, але ўсё-ткі жыгулём, ты перастаеш заўважаць такія рэчы, разумееце, пра што я, перастаеш іх успрымаць, для цябе куды больш натуральна абдымаць медны бюст Молатава, члена цк, чым свайго ўласнага, жывога тату, такая фігня. Іншая рэч Карбюратар. Ён, па-мойму, столькі гаўна ў сваім жыцьці зжэр, што ўвесь гэты прагруз зь сям’ёй, з аднаногім айчымам, зь дзядзем Робэртам яму, відаць, і насамрэч не патрэбны. Ва ўсялякім разе мне так здаецца, але хто ведае, як яно на самай справе, я проста стаю тут і пераказваю ўсе гэтыя гісторыі, пераказваю ўсе размовы, як яны мне запомніліся, так што хто я такі, каб выказваць свае меркаваньні. Зараз пайду і ўсё скажу.
13.10
– Пайшлі лепш на паветра.
– Пайшлі, – кажа ён, мы выходзім на плятформу, ідзем у самы яе канец і сядаем на ўскраі, тварам на Ўсход, туды, адкуль мае прыйсьці цягнік.
– Як ты тут? – пытаюся.
– Нармальна, – кажа Карбюратар. – Тут здорава. Я сабе тут калі-небудзь куплю дом.
– Тут?
– Ага.
– І што ты тут будзеш рабіць?
– Пабудую пілараму, – адказвае Карбюратар. – Буду валіць тайгу. Глядзі, колькі тут дрэваў. На ўсё жыцьцё хопіць.
– Да, – кажу, – ажэнішся зь якой-небудзь піянерважатай. Народзіце тузін дзяцей.
– Ну, не, – кажа Карбюратар. – Толькі не дзяцей.
– Чаму?
– Ня ведаю, – кажа ён, – ня ведаю. Не хачу, каб яны ўсё гэта бачылі, разумееш?
– Ну, ты ж бачыў гэта ўсё?
– Вось таму і не хачу. Лепш я пілараму пабудую.
13.20
– Ведаеш, тут вельмі халодная вада. Я плаваю толькі пасьля абеду, калі яна прагрэецца.
– Сёньня дождж, наўрад ці яна прагрэецца.
– Так, мабыць не прагрэецца.
– Тады што рабіць будзем?
– Ня ведаю. Пачакаем. Павінна ж калі-небудзь яна прагрэцца.
– Хто яе ведае, – кажу, – хто ведае.
13.30
– Там яшчэ засталося?
– Так, – кажу, – трохі.
– Пакінь на пасьля, добра?
– Як скажаш, – кажу. – У цябе ж народзіны, не ў мяне.
– Я не люблю сваіх народзінаў.
– Што так?
– Ня ведаю, я, разумееш, заўжды дзіўна пачуваўся, ну, у дзяцінстве, яны ўсе навокал мяне таўкліся і чагосьці ад мяне хацелі. А народзіны-та насамрэч мае, разумееш?
– Ну.
– Зараз цягнік на Вузлавую пойдзе.
13.47
– Слухай, – кажу, – а вы сваіх піянераў купацца водзіце?
– Водзім, – адказвае Карбюратар.
– А калі вада халодная?
– А ім усё адно, яны як жабы – скачуць у ледзяную ваду, плаваюць сабе. Ім здорава, яны яшчэ не разумеюць, што вада халодная.
– Ніхто яшчэ не ўтапіўся?
– Хто ж ім дасьць. Тут захочаш – ня ўтопішся. Гэта ж лягер, разумееш?
15.52
Ён разламвае жоўты цьвёрды хлеб, на, кажа, трымай, я бяру кавалак і кладу побач з сабою на афсальт, з-за хмараў нарэшце праступае сонца, праз пару гадзін вада павінна прагрэцца і тады можна будзе пераплысьці іхную рэчку і паглядзець нарэшце што там – на тым баку ракі, што ўвесь час знаходзіцца побач са мной, хоць раз пераплысьці і нармальна ўсё там агледзець, добрая нагода, дарэчы, галоўнае, каб вада прагрэлася, апошні на сёньня цягнік праяжджае паўз нас, сьледам за ім цягнуцца хмары, рэальнасьць ссоўваецца ў заходнім напрамку, нібы слайд, цяпер павінен зьявіцца наступны кадр, Карбюратар моўчкі перажоўвае свой жоўты хлеб, кроплі падаюць з соснаў на плястыкавыя дахі павільёнаў, акрамя нас на плятформе больш нікога няма, я гляджу на асфальт і бачу як да майго хлеба падпаўзае стомлены, змучаны дэпрэсіямі сьлімак, выцягвае сваю недаверлівую пыску ў бок майго хлеба, потым расчаравана ўсоўвае яе назад у панцыр і пачынае адпаўзаць ад нас на Захад – на іншы бок плятформы. Я нават думаю, што гэтай дарогі яму хопіць на ўсё ягонае жыцьцё.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.