Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) Страница 17

Тут можно читать бесплатно Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке). Жанр: Проза / Проза, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте «WorldBooks (МирКниг)» или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)
  • Категория: Проза / Проза
  • Автор: Генрих Белль
  • Год выпуска: неизвестен
  • ISBN: нет данных
  • Издательство: неизвестно
  • Страниц: 61
  • Добавлено: 2019-03-26 12:49:47

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Генрих Белль - Бiльярд а палове дзесятай (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Генрих Белль

- Вельмi добра.

Зялёная кельнерава постаць бясшумна паплыла па зялёным дыване, паўз засланыя зялёнымi абрусамi сталы - i прагучала першая рэплiка: статысты былi добра вымуштраваныя, а я быў добрым рэжысёрам.

- Сыр з папрыкаю? - спытаў кухар з-за акенца.

- Менавiта, - адказаў кельнер, - смятанкавы сыр.

- Спытай у гэтага пана, колькi папрыкi яму трэба да сыру?

Я якраз пачаў рабiць накiд вакзальнага фасада, упэўненымi штрыхамi рысаваў на цнатлiва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калi вярнуўся афiцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, i, здзiўлены, адарваў аловак ад паперы.

- Дазвольце запытацца, у якой прапорцыi змешваць сыр з папрыкаю?

- Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкi - добра перамяшаць... i, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут i заўтра, i паслязаўтра, i праз тры днi, праз тры тыднi, праз тры месяцы i тры гады - вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.

- Слухаю пана.

Гэта было тое, чаго я дамагаўся, - i спрацавала ўсё дакладна. Пазней мяне нярэдка нават браў страх, бо мае намеры здзяйснялiся гэтак дакладна i нiколi не адбывалася нiчога непрадбачанага; праз два днi я ўжо быў "пан, якi есць сыр з папрыкаю", праз тыдзень - "той малады мастак, што заўсёды каля дзевятай прыходзiць снедаць", а праз тры тыднi - "пан Фэмель, малады архiтэктар, якi працуе над вялiкiм праектам".

- Так, так, дзiцятка, усё гэта датычыць абацтва Святога Антонiя; гэта цягнецца шмат гадоў, Леанора, - дзесяцiгоддзi, аж да сённяшняга дня; рамонты, пашырэнне забудовы, а пасля тысяча дзевяцьсот сорак пятага адбудова паводле старых планаў; абацтва Святога Антонiя адно зойме цэлую палiцу. Ваша праўда, тут бы не пашкодзiў вентылятар; сёння горача; не, дзякуй, не хачу сядаць.

У рамах з пераменнымi малюнкамi вiдаць блакiтнае паўднёвае неба дня 6 верасня 1958 года, профiль лiнii дахаў; цяпер зноў без пярэрваў; вялiкiя кубкi з чаем на рознакаляровых сталах на тэрасах; жанчыны ў шэзлонгах, што лена выцягнулiся на сонцы; вакзал, што вiруе адпачынкоўцамi - можа, праз гэта стары Фэмель дарэмна чакаў сваю ўнучку Рут? Мажлiва, яна з'ехала, адклаўшы ўбок "Падступнасць i каханне"? Ён асцярожна прамакнуў насоўкаю пот на лбе, нiколi яго надта не дапякалi нi спёка, нi сцюжа; паблiзу ад правага рога зменнай рамы Гоэнцолерны ўсё яшчэ iмчалi на бронзавых клячах у напрамку захаду, неадменна, ужо сорак восем гадоў - i той, найвышэйшы ваявода, таксама; i нахiл ягонай галавы па-ранейшаму сведчыў пра яго фатальную пыху; тады, пры столiку кавярнi Кронэра, калi кельнер нёс мне сыр з папрыкаю, я, усмiхаючыся, рысаваў цокаль, на якiм яшчэ не было помнiка; я заўсёды быў такi ўпэўнены ў будучынi, што сучаснасць здавалася мне закончанай мiнуўшчынай - было гэта першае маё снеданне ў Кронэравай кавярнi цi ўжо трохтысячнае? Дзень пры днi ў кавярнi Кронэра а дзевятай пры снеданнi; толькi адно магло перашкодзiць у гэтым - вышэйшая ўлада: калi мой найвышэйшы ваявода паклiкаў мяне пад свае баявыя харугвы - гэты прыдурак, што ўсё яшчэ iмчыць на захад на бронзавай клячы. Сыр з папрыкаю? Цi еў я гэтую своеасаблiвую чырвона-белую масу, якая была нават досыць смачная, першы раз у жыццi, бо прыдумаў яе толькi за гадзiну перад тым, у хуткiм цягнiку, што ляцеў з поўначы да гэтага горада, - каб надаць свайму цяпер штодзённаму сняданку непаўторны кшталт; цi я ўжо трыццаты раз намазваў гэтую масу на чорны хлеб, пад час, калi кельнер забiраў са стала кiлiшак для яйка i адсоўваў сподачак з мармеладам?

Увага! Я выцягнуў з кiшэнi пiнжака адзiны надзейны прыбор, якi дазваляў мне беспамылкова разбiрацца ў гэткiх нечаканых i дакладных мроях: кiшэнны каляндарык, абавязкам якога было ў iлжэкраiне фантазii нагадваць мне пра месца, дзёнь i час; а тады была пятнiца, 6 верасня 1907 года, i тое снеданне было маiм першым тут; да таго дня я нiколi не снедаў з сапраўднай каваю пiў толькi каву са збожжа; нiколi не еў яйка - а толькi аўсяную кашу, просты хлеб з маслам i кавалачак свежага гурка; але мiф, якi я хацеў стварыць, нарадзiўся ўжо ў хвiлi, калi кельнер перапытаў: "Сыр з папрыкаю?"; гэты мiф быў адразу зразуметы i пачаў шырыцца там, дзе я хацеў: сярод шырокай публiкi. Мне ўжо больш нiчога не трэба было рабiць, толькi чакаць, сядзець там да дзесятай, да паловы на адзiнаццатую, пакуль кавярня павольна запаўнялася людзьмi; выпiць бутэльку мiнеральнай вады, да яе - кiлiшак каньяку; сядзець з нататнiкам на каленях, з цыгараю ў роце, з алоўкам у руцэ; рысаваць, рысаваць - а тым часам банкiры ў кампанii паважных клiентаў праходзiлi паўз мяне ў канферэнц-залу, кельнеры неслi за iмi ўслед на зялёных падносах бутэлькi з вiном; заходзiлi слугi царквы з замежнымi калегамi, якiх яны вадзiлi па саборы Святога Севярына, услаўляючы на ламанай лацiне, на ламанай ангельскай альбо iтальянскай пякноты горада; чыноўнiкi з урадавай канцылярыi пацвярджалi свой высокi ранг тым, што могуць дазволiць сабе выпiць тут днём, каля паловы адзiнаццатай, фiлiжанку чорнай кавы i кiлiшак вiшнёўкi; жанчыны, што вярталiся з гароднiннага базару з плеценымi скуранымi торбамi, поўнымi капусты, морквы, гарошку i слiў, iмкнулiся давесцi ўсiм яшчэ раз, што яны выхаваныя на добрых гаспадыняў, бо здолелi вытаргаваць у стомленых сялянак свае пакупкi за танна: яны праглыналi тут пiрожныя, выпiвалi каву, выдаткоўваючы на гэта ў сто разоў болей, чым вытаргавалi; размахваючы лыжачкамi, нiбы шаблямi, яны абуралiся ротмiстрам, якi - "на службе, але ж, на службе!" - зрабiў паветраны пацалунак пэўнай какотцы, што стаяла на балконе - той, з якой - "гэта бачылi, бачылi!" - ён развiтаўся толькi а палове шостай ранiцы, выйшаўшы з гатэля праз падвазныя дзверы. Ротмiстр ды праз падвазныя дзверы! Ганьба!

Я разглядаў iх, сваiх статыстаў, i прыслухоўваўся да iхнiх слоў; я рысаваў шэрагi крэслаў, шэрагi столiкаў i кельнерскi балет; без дваццацi адзiнаццаць я запатрабаваў рахунак; сума была меншая, чым я думаў; я вырашыў паказаць сябе "шчодрым, але ў меру" - пра гэта я недзе вычытаў i падумаў сабе, што гэта добрая формула. Я адчуваў стому, калi выходзiў з кавярнi, i мяне праводзiлi паклонамi кельнер i служкi; я ўзнагародзiў кельнеравы вусны, ад якiх пачаў iснаваць мой мiф, дадатковымi пяццюдзесяццю пфенiгамi "на чай"; а тыя ўсе вывучалi мяне з ног да галавы, калi я пакiдаў кавярню; яны не падазравалi, што я салiст: стройнаю хадою, эластычнымi крокамi я iшоў памiж тых шэрагаў столiкаў i крэслаў, паказваў iм сваю асобу такою, якою яны хацелi мяне бачыць: мастаком у вялiкiм чорным капелюшы, чалавекам малога росту, зграбным, якому на выгляд не дасi больш за дваццаць пяць, з неакрэсленым адбiткам вясковасцi на твары, але ўпэўненым у сабе. Яшчэ дзесяць пфенiгаў хлопцу, якi адчынiў перада мною дзверы.

Усяго паўтары хвiлiны дарогi адтуль да гэтага дома - Модэстгасэ, 7. Практыканты, грузавiкi, манашкi: рух на вулiцы; цi ў браме дома нумар сем напраўду пахла друкарскай фарбаю? Машыны, нiбы карабельныя механiзмы, рухалi сваiмi жалезнымi часткамi туды-сюды, сюды-туды; будаўнiчыя паперы друкавалiся на белай паперы; парцье зняў перада мною шапку: "Пан архiтэктар? Рэчы ўжо наверсе". Грошы "на чай", увапхнутыя ў чырвоную лапу. "Заўсёды гатовы служыць вам, пане лейтэнант". Грымаса. "Ага, тут ужо было двое паноў, якiя хочуць далучыць Вас да тутэйшага клуба афiцэраў-рэзервiстаў".

Я зноў убачыў будучыню выразней за сённяшнi дзень, якi знiкаў недзе ў змроку ў тую самую хвiлю, калi ён здзяйсняўся; у мяне перад вачыма паявiўся неахайны парцье, якога абступалi рэпарцёры; буйныя загалоўкi ў газетах: "Малады архiтэктар перамог у конкурсе карыфеяў гэтай прафесii!" Парцье з ахвотай тлумачыць рэпарцёрам: "Ён? Паверце, панове, для яго не iснуе нiчога, апроч працы. Ранiцой а восьмай ходзiць да цiхай iмшы ў Святы Севярын, снедае ў Кронэравай кавярнi, недзе да паловы адзiнаццатай; ад паловы адзiнаццатай да пяцi выходзiць з рабочага кабiнета; нiкога не прымае; жыве там наверсе ў сябе - можаце смяяцца, панове - на адным гарохавым супе, якi ён сам сабе гатуе; старая мацi дасылае яму гарох i сала, нават цыбулю. Ад пятай да шостай праходка па горадзе; з паловы сёмай да паловы восьмай партыя ў бiльярд у гатэлi "Прынц Генрых", у клубе афiцэраў-рэзервiстаў. Дзяўчаты? Пра гэта нiчога не ведаю. Штопятнiцы ўвечары бярэ ўдзел у рэпетыцыях хору "Нямецкай Суполкi Аматараў Спеваў". Кронэравы кельнеры таксама кладуць у кiшэнь "на чай" - за iнфармацыю.

- Сыр з папрыкай? Вельмi цiкава. Нават за снеданнем рысуе як апантаны?

Пазней у думках я часцяком вяртаўся да дня майго прыезду, чуў пошчак капытоў па бруку, бачыў гатэльных служак, як яны перасоўваюць валiзы, бачыў жанчыну ў вэлюме i ружовым капелюшы, чытаў плакат: "Тым, хто iдзе ў войска, раю...", слухаў свой смех; з каго я смяяўся, з чаго складаўся гэты смех? Я бачыў iх шторанiцы, калi пасля iмшы выходзiў па карэспандэнцыю i газеты; бачыў уланаў, што ехалi на пляц да практыкаванняў у паўночную частку горада; шторанiцы прыгадваў нянавiсць свайго бацькi да коней i афiцэраў, калi аддаляўся пошчак падковаў: эскадрон уланаў рыхтаваўся да рэпетыцый кавалерыйскiх атак альбо да разведвальных вылазак - iмчаў, уздымаючы вялiкае воблака пылу; гукi трубы выцiскалi слёзы з вачэй ветэранаў, якiя спынялiся на вулiцы; але я думаў пра бацьку; сэрцы кавалерыстаў, i сэрца парцье таксама, тахкалi часцей; дзяўчаты з хустачкамi ператваралiся ў жывыя вобразы, ахалоджвалi ў ранiшнiм паветры грудзi, гатовыя несцi суцяшэнне; а ў тую хвiлю парцье ўручаў мне пасылку ад мацi: гарох, сала, цыбулю i блаславенне; маё сэрца не бiлася часцей, калi ў мяне перад вачыма праязджаў кавалерыйскi эскадрон.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.