Сократ Янович - Сьцяна (на белорусском языке) Страница 4
- Категория: Проза / Проза
- Автор: Сократ Янович
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 35
- Добавлено: 2019-03-26 10:28:12
Сократ Янович - Сьцяна (на белорусском языке) краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Сократ Янович - Сьцяна (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:Сократ Янович - Сьцяна (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Тым ня менш, у выпадку старшынi няма падставаў для гэткiх ваганьняў. Няма за што... Ён старанна ходзiць на працу, iншы раз на гадзiну раней можна пабачыць яго ў габiнэце, пахiленага над падшыўкамi папераў, са стомленым тварам (у яго, магчыма, хворы страўнiк). Наведнiкаў прыймае - а iх шмат - зь ветлiвасьцю; на прывiтаньне выходзiць ён з-за пiсьмовага стала, абкружанага падковай кнiжных палiцаў, i запрашае сесьцi ў вадзiн з фатэляў пад пальмай "фэнiкс". Нярэдка загадвае ён сакратарцы нарыхтаваць дзеля гэтага па шклянцы гарбаты; паводзiць сябе непрымушона, выклiкаючы настрой шчырасьцi ды заклапочанасьцi, i гатовы выслухаць найгоршае - ня йдзе на папулярнасьць, не абяцае. Строгi, стрымлiвае слова.
Найлепшы ў горадзе кiраўнiк, кажуць пра яго. Асобы праiнфармаваныя дадаюць: цэнтральныя ўстановы маюць дачыненьне са скаргамi на яго, галаслоўнымi й ананiмнымi, што дапаўняе дадатную ацэнку. "Сам ён пiша на сябе ананiмкi?" - аднаго разу не ўтрываў кучаравы. Абсьмяялi, дружна, ягонае дапушчэньне, палiчылi зайздросьлiвасьцю, несумненна справядлiва. Помсьлiвасьць насьцярожвае.
Адносiны са старшынёй разладзiлiся ў Сумленевiча пры выпадку высылкi адказу каапэранту, малаважнага?.. Так, Сьцяпана зьнецярплiвiла тое, што можна назваць адсутнасьцю навiны ў чалавеку. Таясамасьць, высыханьне зацiкаўленасьцi iм, нуда.
- Так, так, так, так... - Сьцяпану сьпяшалася, было яму вядома ўсё наперад.
- Э-э, ведаеце, колькi мне гаварыць вам, што...
Сьцяпан не стрымаўся, чаго потым пашкадаваў, пасьля таго тэлефону, заiклiвай перагаворкi зь сiплым голасам. Ён адчуў, як адлягае гнеў, колкай крыгаю перасоўваецца ў iншае месца, пра якое ведаў усяго столькi, што яно, мабыць, як завадзi на рэчцы. Мiжволi зайшоў сабе ў буфэт, дзе купiў каўбасы, дасканала павэнджанай, у натуральных кiшках, са смакавiтым дымным пахам. Дома, пакуль Кiра згатавала бульбу, Сьцяпан нарэзаў паўталеркi гэтай вяндлiны, прадаўгаватымi, памяркоўна тонкiмi скрыгелiкамi й аблупiў дзьве цыбулiны, малыя, пякучыя. Адчынiў слоiк марынаванага турэцкага перцу. Калi абедалi бульба без заскваркi, каўбаса зь ядлаўцовым пахам, цыбуля з турэцкiм перцам ён скрывiўся ад жончыных словаў захапленьня, дзiвосна грубiянскiх, такiх, якiмi хамы абсьмейваюць патрэбнае мужчыну й жанчыне, калi яны распранаюцца й лягаюць у пасьцель. (Некаторыя памылкова атоесамлiваюць гэта з каханьнем.) I, дзiва, застаўся безуражлiвым; прынамсi, не адразу... Узважваў сутычку са старшынёю, значыць, бачыў яе, як штосьцi даволi далёкае ад неспадзявана цьвёрдага, каменнага, не разгледжанага як сьлед. Што непасрэдна яго дакранае.
Паабедалi абое са смакам.
Увечары яны разьлiвалi ў бутэлькi вiно зь яблыкаў, клейкае, маладое. Налiчылi дваццаць паўлiтровак рознага фасону, у тым i пузатую, пасьля шампанскага.
Вiно вiном, але... Што гэта значыць: шматгадовы працаўнiк кiраўнiцтва?
...Пра справы ва ўправе Сьцяпан адкрыта размаўляў з Кiрай, сам не агледзеўшыся, як i калi гэта сталася! Абдуманае выносiў дамоў...
Унiз, да скрыжаваньня вулiцаў, ён даходзiў шпаркiм крокам, адказваючы на прывiтаньнi тым людзям, якiм немагчыма было не адказаць, быццам сустрэчным перадумовам якогасьцi посьпеху. (Мокры сьнег зь ветрам, якi часам дзьмуў з артэрыi ў далiне, даваў яму права моўчкi прайсьцi побач сардэчнага "добры дзень"; усенька, што ты скажаш, можа быць скарыстанае супроць цябе.) "Мой муж прайшоў праз жыцьцё, як ненармальна добры чалавек, - перасьцярожлiва пiсала Сьцяпану знаёмая ўдава. - Дачакаўся ён горбы ананiмак, iнфаркту, гратэскнага пахаваньня й нягоднiчыны, якая спрабоўвае зьнiшчыць памяць аб iм - i мяне". Ох, яго магiла, над якой Сьцяпан Сумленевiч амаль галасiў, як па некiм блiзкiм! Як па бацьку, што памёр на год раней, у Вялiкдзень, калi вербы выпусьцiлi лiсьце, а зямля пахла жыцьцём. Стораж, здаровы й дурны, неяк расказваў - стаялi памiж соснамi - аб тым, што, вось, два гады будзе, як падлюгi зь Мяшчанскай вулiцы, вось, з той, назьдзекавалiся, вось, тут над маладой удавою, чарнявай ды лындастай, у карацюленькай, але чорнай спаднiчцы, доўгавалосай, буйнай, i ад таго часу не вiдаць яе, ага, бо, чуў, выйшла яна замуж, дзiва, узяў яе нехта, не зважаючы на трое дзяцей, праўда, цiхую драбноту, дай ёй, Божа, шчасьце, памятае, увечары надыйшоў на яе, бессаромна абадраную з адзеньня, iшоў, вось, адтуль, з таго закутка, дзе ўпаў высокi крыж, даваенны, быццам зуб... Могiлкi старэюць.
Заслужаны працаўнiк кiраўнiцтва - гэта нягоднiк, якога не ўдалося выгнаць. У такога хапае сумленьня ганарыцца, бачыць у iншых дурняў або палахлiўцаў, што, дарэчы, адно й тое-ж. Ён, адзiн, зашкодзiць агульнай справе больш, чымсьцi банда камбiнатараў, таму што яго нельга пасадзiць, няма сiлы завесьцi на лаву падсудных, выкрыць. Арганiзацыя, як багiня штучнасьцi, натхняльнiца цывiлiзацыi, стварыла й ардэнаносцаў.
Што рабiць? Выйсьцi ў парк ды падумаць аб тым, што Рымская Iмпэрыя ляжыць пад двух-трохмэтровым слоем зямлi, напыленай тысячагодзьдзем; аб тым, што менавiта дзякуючы зьнiшчальнаму Вэзувiю сёньня маем дакладны вобраз старажытнага побыту; i аб тым, што для навукi пакаленьням патрэбна хоць час ад часу прайграць, пагадзiцца з гэтым, каб у закучмелых нашчадкаў, аднак, варушылiся шарыкi... Калi падае белавокi сьнег, ёлачкi на далёкай ускраiне дбайна дагледжанага лесу цiхамiрна дрэмлюць, перажываючы прыступ вострага грыпозу. I трэба бяды, ператомленасьцi або радасьцi ад жыцьця, каб зайсьцi ажно сюды, за Зьвярынецкi стадыён, за мэлiярацыйныя равы, за якiмi палярны краявiд пералескаў на макрэдзi.
Забойства сакратаркi засталося як бы па-за ўвагай старшынi. Ён, цiкаўлiвы, спадзяваўся, што Сьцяпан раскажа яму сам. Так ня здарылася. I гэта, мабыць, было памылкай зь яго, Сьцяпана, боку, уступленьнем месца чуткам ды бязглузьдзiцам. Ён мог толькi чакаць, пакуль пераклубуюць, нават праўдападобныя, вэрсii наконт ягонай уяўнай сувязi з цэлай справай, якiя несумненна ўзьнiклi ў пажвавелых ураднiцкiх булавешках. Потым, у забываньне, яму быў-бы сэнс выкарыстаць няхай сабе й нязручную нагоду паведамiць шэфа... Сумленевiч пераканаўся, што закон апошняга голасу ў дадзеным выпадку абсалютна непарушны яму. Забойствам сакратаркi доўга цiкавiлiся ва ўстанове. Як на тое наступная жахлiвасьць мела месца позна: пад весну разбэшчаныя засранцы пакалечылi таксiста.
6
Усё перамешваецца.
Затое першы дзень у жыцьцi, праведзены на працы, паўстае быццам дзяцiнства. Сонечны, з напнутай ветрыкам заслонай на казённым акне, жоўты ад чысьцiнi пiсьмовы стол, мiлыя ад сяброўскiх пачуцьцяў твары супрацоўнiкаў, па-матчынаму здагадны шэф, незвычайна востры аловак, белая папера, цiкавая справа, урачысты наведнiк... Няўжо павiнна быць важным якраз сьцьвярджэньне, што той дзень у сапраўднасьцi быў пахмурны, а заслона разьдзертая, а стол рассохлы ды з тараканамi, супрацоўнiкi зласьлiвыя, шэф недаверлiвы, справа амаль лiпная, а наведнiк, звычайна, злосны як халера? Ат, лiчыцца тое, што захоўваем мы зь перажытага.
Сьцяпану не ўдавалася назваць пахi ў матчынай хаце падчас велiкодных парадкаў у ёй. Вострае адчуваньне iх аднаўлялася ў iм, калi ён бываў у гасьцёх, у чысьценькiх людзей. Так пахла кватэра Кiры, пакуль не пачалося вясельле ў ёй, ля задрыпанай Азёрнай, з паўвясковымi музыкантамi, нанятымi цесьцем за сьмешныя грошы, з прыгараду, з Васiлькова (старэйшы зь iх пакаўзнуўся на скрыгелiку каўбасы, што валяўся на падлозе, i разьбiў сабе галаву). Каторагасьцi году, у Каляду, зь немалым зьдзiўленьнем адкрыў Сьцяпан, што пах, той пах велiкоднай хаты, мае смак гнiлога антонаўскага яблыка! (Кiра накупiла яблыкаў дзьве торбы, дарагiх, здаровых, але яны ў кухоннай цеплынi пазагнiвалi, i трэба было хутка паесьцi iх.)
Запрасiлi яны на Каляду старшыню з жонкай. У пакоi запалiлi сьвечкi на ялiнцы; ад iх загарэўся Дзед Мароз. Кiра, зь перапуду, накiнула на запалыхалую цацку тонкую анучку, якая таксама занялася агнём. Сьцяпан не разгубiўся й пажарык загасiў старой шапкай, якую выхапiў са звалкi шмацьця ў ванным. Пабiлася некалькi шарыкаў. Кiра, ачышчаючы ад шкляных аскепкаў дыван, урэзалася ў руку. Кроў з ранкi палiлася ў яе чамусьцi моцна.
Старшынi з жонкай, на шчасце, не было, i Кiра, як бы ў чаканьнi запрошаных Сьцяпанам гасьцей, узьняла зь iм сварку. Не адразу. (У кухоннай пячурцы перапяклася качка, тлустая, i Сьцяпан, напэўна, з дуру, засьмяяўся. "Дым ад качкi й дым ад Дзеда Мароза", - пасьпеў падумаць i цалкам апусьцiўся ў гагатаньне.)
- Што табе, Сьцяпанка?
Яна перапытала яго: што табе? Сказала, каб ён iшоў абмыцца. У цябе запэцканая шчака, сажаю. Ня сьмейся так, бо буду плакаць. Сёньня ўсё не ўдаецца мне. Ня стой ты, памажы мне, чуеш, дастаць гуску. Кажу, гуску? Божа, адыйдзi ты, Сьцёпа, у бок. Дай мне ступiць. Бачыш, змарнавала я добрае мяса. Ах, за што нi вазьмуся, выходзiць навыварат. Ня ведаю, як гэта пашанцавала мне выйсьцi замуж за цябе. Шкадуесься, напэўна, ты ня раз. Узяў сабе завалу. Яно ад пачатку было вiдаць, што я табе сьмешная, малая й сьмешная. Прытым, i смаркатая: усё падсоўваеш мне хустачку. Гiдзiсься мяне, уцячэш да iншай. Да такой, што й смачна нагатуе есьцi, i заробiць жывы грош, i ня будзе смарклiвай, i будзе вёрткай у пасьцелi, ня гэткай соннай, як я... Колькi я сплю, а колькi сьпiш ты, га? Перадай мне свой сон, а пабачыш, не задрамлю перад тэлевiзарам, у палове прыгоднiцкага фiльму... Старшыня зьявiўся адзiн.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.