Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) Страница 22

Тут можно читать бесплатно Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке). Жанр: Детская литература / Прочая детская литература, год неизвестен. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн без регистрации и SMS на сайте «WorldBooks (МирКниг)» или прочесть краткое содержание, предисловие (аннотацию), описание и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)

Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) краткое содержание

Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:

Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно

Астрид Линдгрен - Браты Львiнае Сэрца (на белорусском языке) - читать книгу онлайн бесплатно, автор Астрид Линдгрен

Ён пачаў будзiць Орвара. Нарэшце Орвар прачнуўся, сеў, паглядзеў вакол сябе i тады толькi зразумеў, што ён ужо не ў пячоры Катлы. На яго вачах паявiлiся слёзы.

- Свабода, - прашаптаў ён. - Я вольны, вольны...

Ён узяў Джанатана за рукi i доўга трымаў iх.

- Маё жыццё i мая свабода - ты даў мне iх зноў, - сказаў ён. - Дзякуй...

Орвар падзякаваў i мне, хоць я нiчога не зрабiў, хутчэй толькi замiнаў Джанатану.

Орвар, пэўна, адчуў, як многа перажыў я за той час, як вызвалiўся ад усiх хвароб i прыйшоў у Вiшнёвую Далiну. Мне вельмi хацелася, каб ён таксама дасягнуў сваёй далiны, але мы пакуль яшчэ туды не прыйшлi. Мы ўсё яшчэ былi ў гарах Карманьякi, дзе цяпер, магчыма, поўна салдат Тэнджыла, якiя гойсаюць у пошуках Орвара. На шчасце, яны не знайшлi нас у нашай цяснiне, пакуль мы спалi.

Мы сядзелi ў цяснiне, даядаючы апошнiя крошкi хлеба.

- Падумаць толькi, я жывы, я жывы i свабодны! - усё не мог супакоiцца Орвар.

Ён толькi адзiн з усiх вязняў пячоры Катлы застаўся жывы. Усiх астатнiх прынеслi ў ахвяру Катле.

- Будзьце ўпэўнены, Тэнджыл пастараецца, каб пячора Катлы не была пустой, - i слёзы зноў паявiлiся ў яго на вачах. - О мая Далiна Дзiкай Ружы, як доўга табе прыйдзецца стагнаць пад прыгнётам Тэнджыла.

Орвар хацеў ведаць усё, што адбылося ў далiнах Наджыялы за час яго зняволення. Ён пытаўся пра Сафiю, пра Мацiяса i пра ўсё, што ўдалося здзейснiць Джанатану. Джанатан расказаў яму i пра здраднiцтва Джосi. Я думаў, што Орвар, калi даведаецца, што пакутаваў так доўга з-за здраднiка Джосi, памрэ проста ў нас на вачах. Праўда, ён доўга маўчаў, не мог засяродзiцца, пакуль, нарэшце, загаварыў:

- Маё жыццё нiчога не значыць. Але тое, што Джосi зрабiў для Далiны Дзiкай Ружы, нельга дараваць i нельга апраўдаць.

- Дараваць цi не - ужо не мае значэння, магчыма, ужо ён пакараны. Я не думаю, што ты ўбачыш яго зноў.

Але нянавiсць ахапiла Орвара. Ён хацеў ехаць неадкладна. Здавалася, што ён хоча распачаць барацьбу адразу ж, гэтым вечарам. Орвар праклiнаў свае ногi, якiя так дрэнна слухалiся яго, хаця ён вельмi стараўся ўстаць на iх. Ён вельмi ганарыўся, калi нарэшце гэта яму ўдалося. Што гэта было за вiдовiшча, калi ён стаяў, а яго хiстала ўзад i ўперад, здавалася, яго можна ў любы момант здзьмухнуць. I мы, вядома, гледзячы на яго, усмiхалiся.

- Орвар, - заўважыў Джанатан, - кожнаму здаля бачна, што ты вязень пячоры Катлы.

Гэта было сапраўды так. Мы ўсе ўтрох былi акрываўленыя i брудныя, але Орвар выглядаў горш за ўсiх, яго адзенне было суцэльным рыззём, а твар ледзь праглядваўся з-за барады i валасоў. Толькi вочы былi прыкметныя - яго дзiўныя палаючыя вочы.

У нашай цяснiне працякаў ручай, i мы змылi з сябе ўвесь бруд i кроў. Зноў i зноў я апускаў твар у халодную ваду. Было цудоўна, здавалася, быццам мы змывалi з сябе ўсю пячору Катлы.

Потым Орвар узяў мой ножык i падрэзаў сабе бараду i валасы, каб не выглядаць як вязень-уцякач, а Джанатан выцягнуў з нашых рэчаў шлем i плашч салдат Тэнджыла, з дапамогай якiх яму ўдалося пакiнуць Далiну Дзiкай Ружы.

- Вось, Орвар, надзень, - прапанаваў ён Орвару. - Ты будзеш падобны на салдата Тэнджыла, якi захапiў двух падарожнiкаў i кудысьцi iх вядзе.

Орвар надзеў шлем i плашч, але пераапрананне яму не спадабалася.

- Першы i апошнi раз я апранаю гэта адзенне, - заявiў ён. - Ад яго патыхае прыгнётам i жорсткасцю.

- Не зважай на гэта, - параiў Джанатан. - Яно ўсё-такi дапаможа табе вярнуцца ў Далiну Дзiкай Ружы.

Нарэшце прыйшоў час ехаць. Праз гадзiну цi дзве схаваецца сонца, згусцiцца змрок, i ў цемры нiхто не зможа знайсцi дарогу ў гарах - патрэбную небяспечную сцяжынку. Джанатан быў вельмi сур'ёзны, ён ведаў, якая дарога нас чакае, i я чуў, як ён казаў Орвару:

- Наступныя дзве гадзiны вырашаць лёс Далiны Дзiкай Ружы. Ты зможаш доўга ехаць вярхом?

- Змагу, змагу, - адказаў Орвар. - Хоць дзесяць гадзiн...

Вырашылi, што Орвар паедзе на Ф'ялары. Джанатан дапамог яму сесцi ў сядло, i ён адразу ж перайначыўся, нiбыта вырас у сядле i стаў дужэйшым. Так, Орвар быў з пароды смелых людзей, як i Джанатан. Толькi я не мог лiчыць сябе смелым. Але калi мы селi на каня i я абхапiў рукамi Джанатана за пояс, мой лоб прыцiснуўся да яго спiны, мне здалося, што яго сiла перайшла да мяне. I я не так ужо баяўся. I ўсё ж я думаў, як было б добра, каб людзям не вымагалася быць такiмi дужымi i смелымi. Толькi каб мы маглi быць зноў разам, як у тыя першыя некалькi дзён у Вiшнёвай Далiне - о, як даўно, здаецца, усё гэта было!

Потым мы выправiлiся ў сваё падарожжа. Ехалi, кiруючыся на захад сонца, бо мост быў недзе ў тым напрамку. Сцяжынак у гарах Карманьякi было шмат, i яны так перапляталiся, што нiхто, акрамя Джанатана, не змог бы адшукаць патрэбную ў такой блытанiне, але ён, на наша шчасце, змог, хоць незразумела - як. Ажно да болю ў вачах я сачыў, цi не паявяцца салдаты Тэнджыла, але нiхто не паяўляўся. Акрамя Орвара, якi ехаў за намi ў сваiм жудасным шлеме i чорным плашчы. Кожны раз, калi паварочваў галаву i бачыў яго, я палохаўся - так напалоханы быў гэтымi шлемамi i плашчамi i тымi, хто насiў iх.

Мы доўга ехалi без нiякiх здарэнняў. Было спакойна, цiха i вельмi прыгожа. Цiхi вечар у гарах... Калi б так усё было на самай справе... У гэтай зманлiвай цiшынi трэба было чакаць чаго хочаш, i нас не пакiдала пачуццё насцярожанасцi, нават Джанатан быў увесь час напагатове.

- Як толькi даедзем да моста, - сказаў ён, - горшае, можна лiчыць, засталося ззаду.

- А цi хутка мы дабяромся да яго? - пацiкавiўся я.

- Калi ўсё будзе добра - праз паўгадзiны, - адказаў Джанатан.

I раптам мы ўбачылi iх, групу салдат Тэнджыла - шэсць чалавек са шпагамi на чорных конях. Яны паявiлiся на сцяжынцы, якая агiнала гару, i кiравалiся да нас.

- Наша жыццё ў небяспецы, - прамовiў Джанатан. - Орвар, едзь наперад.

Орвар хутка праехаў каля нас, а Джанатан кiнуў яму свае павады, каб мы выглядалi палоннымi.

Салдаты нас яшчэ не бачылi, але ўцякаць ужо было позна, ды i не было куды. Усё, што мы маглi, - гэта ехаць як ехалi, у надзеi, што шлем i плашч Орвара падмануць iх.

- Я нiколi не здамся жывым, - павярнуў галаву Орвар. - Я хачу, каб ты ведаў гэта, Львiнае Сэрца.

Мы ехалi насустрач нашым ворагам усё блiжэй i блiжэй, з выглядам поўнага спакою, наколькi нам удавалася захоўваць спакой. Па маiм целе прабягалi мурашкi, i я паспеў падумаць, што калi нас схопяць, то лепш бы нам было заставацца ў пячоры Катлы i не пакутаваць усю гэтую страшную ноч.

I вось мы з'ехалiся на вузкай сцяжыне - але не настолькi вузкай, каб не размiнуцца. Я пазнаў, што першы з iх быў не хто iншы, як Парк.

Але Парк не глядзеў на нас, ён глядзеў на Орвара, i калi яны праязджалi мiма адзiн аднаго, гукнуў:

- Вы чулi, знайшлi яны яго цi не?

- Не, я нiчога не чуў, - адказаў Орвар.

- Куды вы едзеце? - пацiкавiўся Парк.

- Ды вось, пару палонных вязу, - кiўнуў Орвар на нас.

Больш нiякай iнфармацыi Парк не атрымаў, i мы паехалi хутка, як толькi маглi.

- Сухарык, асцярожна азiрнiся i паглядзi, што яны робяць.

- Яны паехалi далей, - азiрнуўшыся, паведамiў я Джанатану.

- Ну, дзякуй богу.

Але Джанатан паспяшаўся сказаць гэта, бо, зiрнуўшы яшчэ раз, я ўбачыў, што яны спынiлiся i глядзяць нам услед.

- Яны штосьцi западозрылi, - сказаў Джанатан.

Ужо было ясна, што здарылася.

- Спынiцеся на хвiлiну, - закрычаў Парк. - Я хачу паглядзець блiжэй на тваiх палонных.

Орвар сцiснуў зубы.

- Едзьце, Джанатан, - сказаў ён. - Iнакш усе мы нябожчыкi.

I мы паехалi.

Парк i ўвесь яго атрад павярнулi назад, так, яны павярнулi назад i iмчалiся за намi, ажно грывы iх коней развявалiся на ветры.

- Ну, Грым, пакажы, на што ты здатны, - гукнуў Джанатан.

"I ты таксама, мой Ф'ялар", - падумаў я, уяўляючы, што я сам сяджу на iм зараз.

Нi ў кога не было лепшых коней, чым Грым i Ф'ялар, якiя ляцелi па дарозе, ведаючы, што вырашаецца пытанне аб жыццi i смерцi. Нашы ворагi iмчалiся за намi, мы чулi стук капытоў. Гэты тупат то наблiжаўся, то аддаляўся. Яны не збiралiся адставаць, бо Парк цяпер ведаў, на каго ён палюе. Нiводзiн салдат Тэнджыла не дазволiў бы, каб такая здабыча выслiзнула. Калi вернуць нас у замак Тэнджыла, яны атрымаюць вялiкую ўзнагароду.

Яны проста наступалi нам на пяты. I калi мы скакалi па мосце, дзве стралы прасвiсталi каля нас, але не закранулi.

Цяпер мы ўжо былi на баку Наджыялы, i самае горшае, як сцвярджаў Джанатан, павiнна было б застацца ззаду, але, наадварот, я не бачыў, каб так яно было. Паляванне працягвалася ўздоўж ракi. Вышэй па беразе дарога, якая вяла ў Далiну Дзiкай Ружы, выгiналася, паварочвала, а мы ўсё iмчалi па ёй. Гэта была тая самая дарога, якою мы ехалi ўчора вечарам, хоць здавалася, што гэта было тысячу год таму, калi мы з Джанатанам ехалi ў прыцемках. Так i трэба ездзiць уздоўж ракi, а не гэтак, як зараз, - так хутка, ажно конi падаюць.

Орвар iмчаў проста адчайна, таму што ён вяртаўся дадому, у Далiну Дзiкай Ружы. Джанатан не мог угнацца за iм, i Парк ужо даганяў нас. Я не разумеў, у чым справа, потым здагадаўся, што гэта з-за мяне. Больш умелага коннiка, чым Джанатан, я не ведаў, i нiкому не ўдалося б дагнаць яго, калi б ён быў адзiн на канi, але цяпер разам з iм сядзеў я, i гэта затрымлiвала яго.

Перейти на страницу:
Вы автор?
Жалоба
Все книги на сайте размещаются его пользователями. Приносим свои глубочайшие извинения, если Ваша книга была опубликована без Вашего на то согласия.
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.
Комментарии / Отзывы
    Ничего не найдено.