Ганс Андерсен - Казкi (на белорусском языке) Страница 40
- Категория: Детская литература / Прочая детская литература
- Автор: Ганс Андерсен
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 63
- Добавлено: 2019-02-14 16:57:56
Ганс Андерсен - Казкi (на белорусском языке) краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Ганс Андерсен - Казкi (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:Ганс Андерсен - Казкi (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
- Праз колькi часу з'явiўся дух фантазii, пяро было вырвана, i я атрымала яго, - дзялiлася ўспамiнамi мышка. - Мне давялося апусцiць пяро ў ваду i трымаць там да тае пары, пакуль яно не размокла, а тады я згрызла яго, хоць было не дужа смачна. Усё ж нялёгка ў нашы днi зрабiцца паэтам, вунь колькi ўсяго трэба пагрызцi i пераварыць! I вось я набыла не толькi розум, але i фантазiю, а ўжо маючы ўсё гэта, лёгка было раздабыць i пачуццё ў маёй роднай бiблiятэцы. Там я некалi чула, як адзiн вялiкi чалавек гаварыў, што ёсць раманы, адзiнае прызначэнне якiх - выцэджваць з людзей лiшнiя слёзы. Гэта своеасаблiвая губка, якая ўсмоктвае пачуццi. Я прыгадала некалькi такiх кнiг. Яны заўсёды здавалiся мне асаблiва апетытнымi, бо былi такiя зачытаныя i зашмальцаваныя, што, напэўна, увабралi ў сябе мора чалавечых пачуццяў.
Калi вярнулася на радзiму, то я адразу рушыла ў бiблiятэку i не марудзячы часу ўзялася за вялiкi раман - правiльней, за яго мякiш цi, так сказаць, за сутнасць; вокладку я не чапала. Калi я згрызла гэты раман, а пасля яшчэ адзiн, то раптам адчула, быццам унутры ў мяне нешта, зварухнулася. Тады я адгрызла яшчэ кавалачак ад трэцяга рамана - i зрабiлася сапраўднай паэтэсай. Я так пра гэта ўсiм i заявiла. Але неўзабаве ў мяне моцна разбалелася галава, пачалiся колiкi ў жываце - i наогул, дзе ў мяне толькi не балела! Я пачала думаць: што б такое расказаць пра кiлбасную палачку? I тады ў мяне ў галаве закруцiлася мноства розных палачак, - то сапраўды ў мурашынай царыцы розум быў адметны! Спачатку я без дай прычыны раптам успомнiла пра чалавека, якi ўзяўшы ў рот чароўную палачку, адразу рабiўся нябачным; пасля ўспомнiла пра палачку-выручалачку; пасля пра тое, што "шчасце - не палка, у рукi яго не возьмеш"; пасля згадала пра тое, што "ў кожнай палкi два канцы"; нарэшце пра ўсё, чаго я баюся, "як сабака палкi" i нават пра "палачку-павучалачку"! Як бачна, усе мае думкi засяродзiлiся на ўсемагчымых палках i палачках. Як ты паэт, то здолей уславiць нават звычайную сукаватую палку! А я ж цяпер паэтэса, i не горшая, чым iншыя рыфмаплёты! З гэтага дня я магу штодня частаваць вас вершыкамi пра любую палачку - гэта i ёсць мой суп.
- Паслухаем трэццюю, - сказаў мышыны цар.
- Пi-i, пi-i! - данеслася ад дзвярэй, i ў кухню стралой уляцела маленькая мышка, тая, якая была чацвертаю па лiку, - тая самая, пра якую ўсе казалi, што яна загiнула дзесьцi ў дарозе. I вось цяпер мышка-вандроўнiца так бегла, што нават павалiла кiлбасную палачку, абвiтую чорным жалобным крэпам. Бегла тая мышка сюды ўвесь дзень i ўсю ноч, ехала чыгункаю ў таварным вагоне, ледзьве паспеўшы ў яго ўскочыць. У дарозе яна згубiла сваю кiлбасную палачку, але не ўласны язык, i вось цяпер, уся ўскудлачаная, працiснулася наперад i адразу ж пачала гаварыць-стракатаць, нiбыта тут чакалi яе адну, быццам на ёй адной белы свет клiнам сышоўся. Яна стракатала бесперастанку i з'явiлася так нечакана, што нiхто не паспеў яе своечасова спынiць, гэта якраз дазволiла мышцы выказацца да канца. То i мы паслухаем.
IV. Пра што апавядала чацвертая мыш, якая гаварыла пасля другой
- Я адразу пакiравала ў вялiзны горад. Як ён называецца, не памятаю, бо ў мяне кепская памяць на назвы i iмёны. Адразу з вакзала разам з канфiскаваным таварам была я дастаўлена ў гарадскую ратушу, адтуль пабегла да мясцовага турэмшчыка. Ён мне расказаў пра зняволеных, асаблiва пра аднаго вязня, якi трапiў у турму ўсяго за слова, якое вымавiў неасцярожна. На чалавека была заведзена шумная справа, хоць яна, шчыра кажучы, нявартая была нават выедзенага яйка. "Уся гэта гiсторыя - проста суп з кiлбаснай палачкi, - заявiў турэмшчык, - аднак за гэты суп недарэку чаго добрага давядзецца заплацiць галавой". Зразумела, я адразу зацiкавiлася вязнем i, падпiльнаваўшы зручны момант, шмыганула да яго ў камеру: няма на свеце такiх пазамыканых дзвярэй, пад якiмi не знайшлося б прыдатнай шчылiны для мышкi...
Вязень меў прыгожыя вялiкiя вочы, яны ажно гарэлi на бледным твары. А яшчэ меў ён доўгую бараду. У змрочнай камеры чадзiла лямпа, але сценам i столi гэта ўжо не шкодзiла, бо былi яны i без таго чорныя. На сцяне вязень выдрапваў вершы, малюнкi. Ён тут, мабыць, вельмi сумаваў i таму ўзрадаваўся, калi ўбачыў нечаканую госцю. Ён спачатку прыручаў мяне хлебнымi крошкамi, пасвiстваў мне, прамаўляў ласкавыя словы, i я адчула да яго ўзаемную прыязнасць. Так мы хутка пасябравалi. Ён дзялiўся са мной хлебам i вадой, кармiў мяне сырам i кiлбасой - словам, жылося мне там цудоўна, але найбольш прыемным было тое, што чалавек палюбiў мяне. Ён мне дазваляў бегаць у яго па руках, нават залезцi ў рукаво, зашыцца ў бараду; называў мяне сваёй маленькай сяброўкай. I я таксама вельмi палюбiла вязня, бо сапраўдная любоў заўсёды павiнна быць узаемнай. Я нават забылася, чаго вандрую па гэтым свеце, i нават дзесьцi ў нейкай шчылiне згубiла сваю кiлбасную палачку, яна i цяпер там, пэўна, ляжыць. Я вырашыла не пакiдаць майго новага сябру, бо калi б пакiнула, то застаўся б ён на гэтым свеце зусiм адзiн i наўрад цi перанёс бы такую скруху. Дык вось я засталася ў турэмнай камеры, а вязень неўзабаве пакiнуў яе. Калi мы бачылiся апошнi раз, то быў чалавек вельмi сумным, даў мне двайную порцыю хлеба, кавалачак сыру i паслаў на развiтанне паветраны пацалунак.
Ён пайшоў з камеры i не вярнуўся ў яе. Больш нiчога я пра яго не ведаю. Дык вось прыгадала я тады словы турэмшчыка: "Зрабiлi хлапцу суп з кiлбаснай палачкi", - i пакiравала да турэмшчыка. Быў ён злым i непрыемным чалавекам. Ён мяне таксама пачаў прываблiваць крошкамi, а пасля схапiў i пасадзiў у клетку, што круцiлася, як кола. Трапiць у такую пастку - проста жах! Бяжыш i бяжыш, а застаешся на месцы, i ўсе з цябе смяюцца, здзекуюцца з цябе.
Аднак у турэмшчыка была цудоўная маленькая ўнучка з залатымi завiтушкамi на галаве; мела яна зiхоткiя, добрыя вочы, усмешлiвы тварык.
- Бедная маленькая мышка, - сказала аднойчы дзяўчынка, калi зазiрнула ў апрыклую мне клетку, пасля дзяўчынка адсунула жалезную засаўку i я выскачыла на волю. Узабралася на падваконнiк, а тады сiганула ў вадасцёкавы жолаб. "Воля! Я вольная!" - радавалася я i нават забылася, чаго сюды прыбягала.
А мiж тым пачало цямнець, насоўвалася ноч. Я прыстала нанач у старой вежы. Там жылi толькi вартаўнiк ды сава. Спачатку я крыху баялася iх, асаблiва савы - яна вельмi падобная на кошку i акрамя таго ў яе ёсць адна прыкрая загана: як i кошка, сава ласуецца мышамi. Але хто з нас не памыляецца ў жыццi! Гэтым разам памылiлася i я. Сава, як выявiлася, - разважлiвая i адукаваная асоба. Яна шмат чаго пабачыла на сваiм веку, ведала больш, чым вартаўнiк, i амаль столькi, колькi ведаю я. Яе малыя савяняты прымалi ўсялякую жыццёвую недарэчнасць вельмi блiзка да сэрца. "Не варыце супу з кiлбаснай палачкi, павучала iх у такiх выпадках старая сава, - не шумiце без дай-прычыны". Старая сава была вельмi ўважлiвай, пяшчотнай мацi. Я адразу адчула да яе давер i нават не пабаялася падаць голасу са сваёй шчылiны. Гэта саве вельмi спадабалася, i яна абяцала мне падтрымку. Нiводнай жывёлiне яна цяпер не дазволiць з'есцi мяне, бо ўжо лепш зробiць гэта сама, калi наблiзiцца зiма i не будзе чаго iншага есцi.
Сава была надзвычай разумнай птушкай. Яна, напрыклад, даказала мне, што вартаўнiк не змог бы трубiць, калi б у яго на поясе не вiсеў рог. А яшчэ важнiчае чалавек, робiць выгляд, што ён не горшы за саву! Але што з яго возьмеш! Суп з кiлбаснай палачкi!
Тут я i папрасiла саву расказаць мне, як той суп можна прыгатаваць. А сава мне растлумачыла: "Суп з кiлбаснай палачкi - гэта ўсяго толькi прымаўка; кожны разумее яе па-свойму, як сам хоча, i кожны верыць, што яго думкi наконт гэтага найбольш правiльныя. А калi папраўдзе разабрацца, то нiякага супу з кiлбаснай палачкi не бывае". "Як не бывае?" - збянтэжылася я. Вось дык навiна! Так, iсцiна не заўсёды прыемная, але ж яна вышэй за ўсё.
Тое самае сказала мне i сава. Падумала я, падумала i ўрэшце зразумела, што калi я прывязу дадому самае высокае, што толькi ёсць на свеце, гэта значыць iсцiну, то гэта будзе куды больш каштоўным, чым нейкi там суп. I я заспяшалася дадому, каб хутчэй паднесцi вам самае высокае i праўдзiвае - iсцiну.
Мышы - народ адукаваны, а мышыны цар тым больш. I ён можа смела браць мяне царыцай, у iмя высокай iсцiны.
- Твая iсцiна - хлусня! - залямантавала мыш, якая яшчэ не паспела выказацца. - Я магу зварыць гэты суп, i звару яго зараз жа!..
V. Як варылi суп...
- Я нiкуды не ездзiла, - пачала апавядаць трэццяя мыш. - А засталася дома, бо гэтак больш надзейна. Няма чаго бадзяцца па белым свеце, калi ўсё можна раздабыць дома. I я вось засталася! Я не набiвалася ў сяброўства да ўсялякага там гнюсу, каб навучыцца варыць суп, не глытала мурашоў i не чаплялася да соў. Я дайшла да ўсяго ўласным розумам... То пастаўце, калi ласка, кацёл на плiту. Вось так! Цяпер налiце вады, ды каб паўней было. Вельмi добра! Няхай вада закiпае, няхай забурлiць белымi струмянямi. А цяпер кiньце ў кацёл кiлбасную палачку... Цi не пажадаеце вы цяпер, ваша светласць, сунуць у кiпень ваш пушысты царскi хвосцiк, каб злёгку памешваць iм суп! Чым даўжэй будзеце памешваць, тым больш наварыстым атрымаецца булён, - гэта ўсё вельмi проста. I не трэба нiякiх прыпраў - сядзiце сабе ды памешвайце хвосцiкам! Вось так!
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.