Неизвестно - Федарэнка Дзікі луг Страница 7
- Категория: Разная литература / Прочее
- Автор: Неизвестно
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 9
- Добавлено: 2019-05-14 17:45:31
Неизвестно - Федарэнка Дзікі луг краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Неизвестно - Федарэнка Дзікі луг» бесплатно полную версию:Неизвестно - Федарэнка Дзікі луг читать онлайн бесплатно
— Такая ўжо кабеціна была дабрачая (свісь дзірачкамі!)... Ад душы!
— Яна ж цябе знявечыла!
А ён сваё:
— Каб не мая, я б з ёю яшчэ (свісь!)...
Ён яшчэ не да канца разумеў, што здарылася, думаў, ён па-ранейшаму Кветка. Неяк прыйшоў да Махновачкі.
— Дай машынку, Сюзана падстрыгчы абяцала.
— Пятро, — сказала Махновачка, дастаючы з шуфляды прадаўгаваты футараль- чык, стараючыся быць строгай. — Ты ж глядзі... Людзі без рук, без ног чапляюцца... Ну што ж гэта — шклянка і папіроса... Ты ж раней неяк так не піў моцна... Пачакай, на цукерак Сюзане...
Сюзана прарэзала дзірку ў газеце, адзела Пятру на галаву, застрыкала каля вуха машынкаю.
— А чаго вы касцюм не носіце?
— Ён мне ў плячах шыракаваты, — Пятро асцярожна павярнуўся пад газетай каб паказаць, і свіснуў носам.
— А не сварылася?
— Не.
— Ну, правільна... Раўнавала. А цяпер каму вы трэба?
— Грыша, што там стрыкае? — капрызнічаў голас за печчу. — Чаго тут людзі? Я баюся!..
Грыгор нешта думаў, пазіраючы на Пятра.
— Слухай, — сказаў ён, — я не магу на цябе глядзець без смеху. — Зняў са сцяны прадаўгаватае люстэрка з утыркнутай у раму навагодняй паштоўкай. — На сам паглядзі. Ну які ты Кветка? У нас адзін быў такі, на цябе падобны, дык мы яго дражнілі Носар. Я цябе цяпер таксама буду зваць Носар, добра?
Так пакрысе Пятру пачало адкрывацца, што ён ужо не той, якім быў да 11 верасня. Цяжка было змірыцца з гэтым. Канешне, прывык чалавек да прыгожай знешнасцідумаў, яна вечна з ім будзе. Піў ён па-ранейшаму — да таго, што Валя ўжо махнула рукой і нават біць перастала, ды і без толку гэта, ён усё роўна не адчуваў болю.
Прайшла восень, настала зіма, мінуў снежань, а ў студзені Пятро ўзяў касцюм пад паху і панёс па хатах прадаваць. Ніхто не купіў. Затое напаілі так, што ўвечары Пятро ўпаў на падлогу, з рота ў яго паказаўся сіні агеньчык, як з газавай камфаркі. На гэты раз усур’ёз спалоханая Валя разаслала дочак ва ўсе канцы: Любу — па Махновачку, Веру — да Маслоўскага, выклікаць «хуткую», Надзю — да Сюзаны, бо трэба ў такіх выпадках, калі п’яніца «гарыць», каб маладзіца памачылася ў рот. Сюзана накінула паліто, без хусткі, пакуль дабегла — Валя з Махновачкаю ўжо гала- сілі на ўсю вуліцу.
Хавалі Пятра ў мароз. Дрэвы стаялі ў белым інеі. Мікалай Мірон у кажусе, у тоўстых рукавіцах, у шапцы з апушчанымі вушамі на могілках глядзеў, як капаюць яму, і даваў парады.
— Яно толькі здаецца, што мароз, а ў мароз зямля не цвердая... Так, зверху, сан- тыметраў дваццаць пяць — трыццаць, — здымаў рукавіцу, нагінаўся, мацаў, а зямля і праўда чым глыбей, тым цяплей была.
На памінкі Кулініч прывёз аднекуль ласінае сцягно. Махновачка нарабіла катлет, наварыла застудзіны. Зрэшты, і так усяго хапала, бо тады яшчэ была традыцыя абавяз- кова несці на памінкі кісель, бутэльку, міску з вінегрэтам, курыцу ці кавалак мяса.
Састаўленыя сталы перасякалі ўсю хату. Але месца ўсё роўна ўсім не хапала, бо людзей на могілках было многа. Вырашылі памінаць зменамі: хто выйдзе — другі зойме яго месца.
— Колісь так — калі сеў, то сеў, — успамінаў Мікалай Мірон. — А падняўся, больш не сядзеш. А цяпер жа кураць. Выйшаў, пакурыў, зноў вярнуўся...
З чужых прыехалі з горада далёкія сваякі па Валінай лініі, муж з жонкаю. Жонка была мясцовая, яе ведалі, а мужа першы раз бачылі. Сціпленькі, культурненькі, у касцюмчыку-гальштучку, маленькага росту, акуратна падстрыжаны, падобны на вучонага ці на настаўніка матэматыкі. Ён не курыў і ад спіртнога адмовіўся катэга- рычна, кіўнушы ў бок могілак: «Свежы прыклад!» Яго адразу запаважалі.
Толькі пачалі ўсаджвацца, як раптам Сюзана наўзрыд заплакала:
— Я вінаватая!.. Каб хутчэй паспела... Жыў бы!
Валя вусны падціснула, упарта глядзела ў талерку перад сабой. Увесь яе выгляд паказваў — так, вінаватая. І ты, і ўсе за гэтым сталом, толькі не я.
Махновачка аж рукамі пляснула:
— Яшчэ што выдумай! Табе тут зусім быць не трэба! (Сюзана была цяжарная.)
І павяла яе дамоў. А за сталом выйшла новая замінка. Людзі пераглядваліся,
перашэптваліся. Трэба было нешта сказаць, і так сказаць, каб не пакрыўдзіць удаву, а гэта практычна было немагчыма. Любыя словы ўспрымуцца як абвінавачванне Валі. Напрыклад, калі пачаць шкадаваць нябожчыка — «чаго ён памёр, мог бы жыць ды жыць...» Альбо паспачуваць яму — «вось і адмучыўся...»
— Ну, хто скажа тост? — гучна спытаў Грыгор, які капаў яму і пачуваўся за сталом свабодна. — Ну, так і быць, давайце я скажу тост.
Але тут устаў Кулініч.
— Брата майго ўжо не падымеш — хай яму зямля пухам. А што з яго работы ніхто не прыехаў, — зларадна павысіў голас Кулініч, — вянка не прыслалі — дык хай яны некалі пабачац самі!.. — урачыста, помсліва закончыў ён.
Вось гэта словы! Так сказаў, што пазайздросціць можна. І вінаватых знайшоў, і Валю не пакрыўдзіў.
У канцы стала сядзелі дзве асірацелыя Пятровы дочкі, Вера з Надзяю, ужо вялікія дзеўкі. На іх непрыгожых, насупленых, з чырвонымі вачыма тварах выраз- на чыталася прыкрасць, сярдзітасць: і без таго ім з такім бацькам жыццё не было мёдам, а цяпер увогуле што надумаўся, паказаў фокус — узяў ды памёр!.. Малыя Люба з Васільком сумленна капіравалі дарослых, кампотам у чарачках не стукаліся, лобікі наморшчылі, у руках насовачкі, на каленях ручнічок... Толькі раз усчалася ў тым кутку валтузня, і пачуўся шэпат Любкі на ўсю хату:
— Не чапай, мой бацька памер, а не твой!..
Спачатку крыху саромеліся чужога чалавека за сталом. Але гэты гарадскі сваяк, гэты вучоны ці настаўнік вёў сябе, як мыш. Не піў, мала еў. Нешта яму муляла. Хаваў пад скацерку-абрус рукі. А жонка яго неяк умольна, разгублена глядзела на землякоў, нібы напярод просячы за нешта прабачэння. Цярпеў ён цярпеў — і ўсё ж не вытрымаў: хутка кульнуў пяцьдзясят грам, потым, не закусваючы, запар адну за адной яшчэ тры разы па пяцьдзясят. Рашуча адвёў жончыну руку з катлецінай на відэльцы. Падняўся, звонка пастукаў чаркай аб пляшку, патрабуючы цішыні, і павёў такую гутарку.
— Я аб’ездзіў усю Беларусь, і мушу прызнацца, што такой дзічы, як у вас, нідзе больш не ўбачыш. Багацейшую гісторыю, традыцыі, звычкі вы апусцілі да прымітыву. У Маларыцкім раёне — мяжа з Украінай, дзед паўзе ракам, а ўсё адно па-ўкраінску: «Добрага ранку!» А ў вас? Ці чулі вы пра такую традыцыю, як гала- шэнні? Мужчыны не галосяць ніколі, — ён пачаў загінаць пальцы. — Плач бабулі больш важны, чым маладой жанчыны, а галашэнне дачкі па бацьку больш важнае, чым жонкі па мужу. З могілак вяртаюцца — трэба тры разы печ пагладзіць і сказаць: «Хай паміраюць прусакі, а не людзі». А вы рукі спаласнулі — і ўсё? Хутчэй за стол?
Бедная жонка, чырвоная ад сораму, шморгала, цягнула яго за крысо. Але лектар толькі ўваходзіў у ролю, паставіў чарку і загінаў пальцы ўжо на другой руцэ.
— Тры стравы: куцця, кісель, застудзіна... За жалобным сталом усе павінны быць сумнымі, ніякіх абгавораў, жартаў. А вы — тост, — паглядзеў асуджальна на Грыгора. — Гаварыць трэба стрымана, ціхімі галасамі і толькі пра нябожчыка, — паглядзеў на гэты раз на Кулініча, — а не пра тых, з кім ён працаваў, не пра вянкі... Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына — каму гэта было сказана? Вам? Хто гэта пачуе? Вось дзяўчына была, тут сядзела... Плача, што не памачылася ў рот. Дзіч! Забабоны, нагаворы, ведзьмакі... Самае звычайнае паганства!..
Усе і раней адчувалі, што нешта не тое. А тут проста пакрыўдзіліся. Слова «паганы» ведалі ўсе. Які б ні быў вучоны, а абзывацца за сталом... Гэта ж не вяселле... Ціха загулі, нясмела зашумелі — кшталту «выпіў, дык будзь чалавекам»... Вопытны Грыша даўно не еў, слухаў насцярожана. Асабліва яго зачапілі словы пра ведзьмакоў. Ён зразумеў гэта, як намёк на бацьку. Ніхто да гэтага часу не меў права ўсумніцца ў тым, што Ігнат на самай справе быў чалавекам незвычайным.
— А ў рог? — спытаў Грыгор. Яго вочы нічога добрага не абяцалі, правая рука сціснулася ў кулак, сіні ад татуіровак. — Калі я табе ў рог дам?
Тут якраз увайшла Махновачка, імгненна ацаніла сітуацыю. Кінулася разнімаць. Як птушка крылы, растапырыла рукі:
— Усё, будзе, будзе! На памінках доўга не сядзяць!.. Грыша, пайшлі... А вы — паехаліце!.. — і пачала штурхаць да дзвярэй вучонага разам з жонкаю. — Паехаліце, чуеце!.. — забыўшы, што нікуды яны не могуць паехаць, проста не дабяруцца ў такі час да горада.Так Махновачка павяла дамоў ужо Грышу. І Васілёк пайшоў з імі.
Была зіма, студзень, студня з аплыўшым намёрзлым лёдам, зорнае неба, цішыня, сіні снег і блакітныя, вельмі ўтульныя вокны хат. Роўна перасякала вёску вуліца. Цёмныя платы, цені ад іх і ад хат толькі яшчэ больш падкрэслівалі прыгажосць начнога снегу. Ён іскрыўся і скрыпеў пад нагамі. Васілька трымалі за адну руку Грыша, за другую маці, і ён не столькі ішоў, колькі ехаў па слізкай, як коўзанка, дарозе, а то падціскаў ногі і вісеў паміж дарослымі.
— Мама, а дзядзька вучоны?
— Вучоны, сынок. І ты, як вырасцеш, станеш вучоны... Толькі гарэлкі беражыся, бачыш, што ад гарэлкі бывае...
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.