Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Страница 24
- Категория: Проза / Русская классическая проза
- Автор: Михаил Булгаков
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 81
- Добавлено: 2018-12-25 08:44:46
Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
Нарэшце выехаў малы гадоў васьмi са старэчым тварам, пачаў ныраць памiж дарослымi на маленькiм двухколавiку з вялiзным аўтамабiльным сiгналам.
Кампанiя закруцiла некалькi петляў, пад трывожны грукат барабана падляцела да самага краёчка сцэны, i гледачы на першых радах аж вухнулi i адхiснулiся, таму што публiцы здалося, што ўся тройка разам са сваiмi веласiпедамi рухне на аркестр.
Але веласiпедысты спынiлiся якраз у тое iмгненне, калi пярэднiя колы гатовы былi ўжо зляцець у пустату над галовамi ў музыкантаў. Веласiпедысты моцна крыкнулi "Ап!", саскочылi з машын i пачалi кланяцца, бландзiнка пасылала публiцы паветраныя пацалункi, а малы смешна сiгналiў сваiм аўтамабiльным гудком.
Воплескi скаланулi будынак, блакiтная заслона паплыла з абодвух бакоў i закрыла веласiпедыстаў, зялёныя агнi з надпiсам: "Выхад" над дзвярыма патухлi, а ў павуцiне трапецый пад самым купалам, як сонцы, запалiлiся белыя шары. Пачаўся антракт перад апошнiм аддзяленнем.
Адзiным чалавекам, якога нiяк не цiкавiлi дзiвосы веласiпеднай тэхнiкi сям'i Джулi, быў Рыгор Данiлавiч Рымскi. У абсалютнай адзiноце ён сядзеў у сваiм кабiнеце, кусаў тонкiя губы i па яго твары час ад часу прабягала сутарга. Да незвычайнага знiкнення Лiхадзеева дадалася зусiм неспадзяваная прапажа i адмiнiстратара Варэнухi.
Рымскi ведаў, куды ён пайшоў, але ён пайшоў i... не вярнуўся назад! Рымскi пацiскаў плячыма i шаптаў сам сабе:
- Але за што?!
I дзiва дзiўнае: такому дзелавому чалавеку, як фiндырэктар, прасцей за ўсё было патэлефанаваць туды, куды накiроўваў Варэнуху, i даведацца, што з iм здарылася, а мiж тым да дзесяцi гадзiн вечара ён не мог прымусiць сябе зрабiць гэта.
У дзесяць, лiчыце, згвалтаваўшы сябе, Рымскi зняў слухаўку i пераканаўся, што тэлефон яго мёртвы. Кур'ер далажыў, што i астатнiя апараты ў будынку сапсавалiся. Гэтае непрыемнае, але не звышнатуральнае здарэнне зусiм даканала дырэктара i адначасова ўзрадавала: адпала патрэба тэлефанаваць. У гэты час над галавой у дырэктара ўспыхнула i замiргала чырвоная лямпачка, паведамiла, што пачаўся антракт, увайшоў кур'ер i папярэдзiў, што прыехаў замежны артыст. Фiндырэктара чамусьцi аж скаланула ўсяго, ён пацямнеў з твару, як навальнiчная хмара, i накiраваўся за кулiсы сустракаць гастралёра, бо больш не было каму сустракаць.
У вялiкую прыборную з калiдора, дзе ўжо трашчалi сiгнальныя званкi, знаходзiлi прычыну зазiрнуць занадта цiкаўныя. Тут былi фокуснiкi ў яркiх халатах i ў чалме на галовах, канькабежцы ў белых вязаных куртках, бледны ад пудры расказчык i грымёр.
Знакамiтасць уразiла ўсiх сваiм неверагодна доўгiм фракам дзiўнага крою i тым, што з'явiлася ў чорнай паўмасцы. Але яшчэ дзiўнейшыя былi спадарожнiкi ў чорнага мага: доўгi клятчасты з пабiтым пенснэ i чорны тлусты кот, якi зайшоў у грымёрную на заднiх лапах, зусiм па-свойску сеў на канапу i прыплюшчыўся на аголеныя грымiравальныя лампiёны.
Рымскi пастараўся напусцiць на твар усмешку, але твар ад гэтага стаў кiслы i злосны, пакланiўся маўклiваму магу, якi сядзеў побач з катом на канапе. Поцiску рук не было. Затое бесцырымонны клятчасты сам назваўся, сказаў пра сябе "iхнi памочнiк". Гэта здзiвiла фiндырэктара, i зноў непрыемна: у кантракце нават i ўпамiнання не было нi пра якога памочнiка.
Даволi вымушана i суха Рыгор Данiлавiч папытаўся ў клятчастага, якi навязаўся яму на галаву, пра тое, дзе апаратура артыста.
- Алмаз вы наш нябесны, найшаноўнейшы пан дырэктар, - трэснутым голасам адказаў памочнiк мага, - наша апаратура заўсёды з намi. Вось яна! Эйн, цвэй, дрэй! - i пакруцiў перад вачыма Рымскага вузлаватымi пальцамi, нечакана выцягнуў з-за вуха ў ката ўласны Рымскага залаты гадзiннiк на ланцужку, якi дагэтуль быў у фiндырэктаравай кiшэнi ў камiзэльцы пад зашпiленым пiнжаком i з ланцужком, прадзетым у пятлiцу.
Рымскi мiжволi ўхапiўся за жывот, прысутныя ахнулi, а грымёр, якi зазiраў у дзверы, адабральна кашлянуў.
- Ваш гадзiннiчак? Прашу атрымаць, - нахабна ўсмiхаўся клятчасты i на бруднай растапыранай далонi падаў разгубленаму Рымскаму яго дабро.
- З такiм у трамвай не садзiся, - цiха i весела шапнуў расказчык грымёру.
Але кот выкiнуў штуку не раўня нумару з чужым гадзiннiкам. Ён нечакана ўстаў з канапы, на заднiх лапах падышоў да падлюстранага столiка, пярэдняй лапай дастаў корак з графiна, налiў вады ў шклянку, выпiў яе, паставiў корак на месца i грымiравальнаю анучкаю выцер вусы.
Нiхто нават i не ахнуў, толькi раты разявiлi, а грымёр у захапленнi шапнуў:
- Вось дык клас!
Тут трэцi раз трывожна загрымелi званкi, i ўсе ўзбуджаныя, у прадчуваннi цiкавага нумара, павалiлi з грымёрнае.
Праз хвiлiну ў глядзельнай зале патухлi шары, успыхнула i дала чырвоны водсвет на нiз заслоны рампа, i ў асветленай шчылiне заслоны паўстаў перад публiкай поўны, вясёлы, як дзiця, чалавек з паголеным тварам, у пакамечаным фраку i ў нясвежай кашулi. Гэта быў добра вядомы ўсёй Маскве канферансье Жорж Бенгальскi.
- Ну вось, грамадзяне, - загаварыў Бенгальскi i ўсмiхнуўся дзiцячаю ўсмешкаю, - зараз перад вамi выступiць... - тут Бенгальскi сцiх на iмгненне i загаварыў з другой iнтанацыяй: - Я бачу, што колькасць публiкi на трэцяе аддзяленне яшчэ больш павялiчылася. У нас сёння палавiна горада! Неяк на днях сустракаю я прыяцеля i гавару яму: "Чаму не заходзiш да нас? Учора ў нас была палавiна горада". А ён мне адказвае: "А я жыву ў другой палавiне!" Бенгальскi вытрымаў паўзу, чакаў выбуху смеху, але нiхто не засмяяўся, i ён працягваў: - ...Такiм чынам, выступiць вядомы замежны артыст мсье Воланд з сеансам чорнае магii! Але мы ж з вамi разумеем, - тут Бенгальскi мудра ўсмiхнуўся, - што яе наогул не iснуе на свеце i што яна не што iншае, як забабоны, а проста мсье Воланд у высокай ступенi валодае тэхнiкай фокусаў, што i будзе вiдаць з сама цiкавае часткi, гэта значыць выкрыцця гэтай тэхнiкi, а ўлiчваючы тое, што мы ўсе як адзiн i за тэхнiку, i за яе выкрыццё, то папросiм пана Воланда!
Пасля таго як сказаў усё гэтае глупства, Бенгальскi сашчапiў абедзве рукi далонь да далонi i прывiтальна замахаў iмi ў расхiл заслоны, i той з цiхiм пошумам разышоўся ў бакi.
Выхад мага з яго рослым памочнiкам i катом, якi выйшаў на сцэну на заднiх лапах, вельмi спадабаўся публiцы.
- Крэсла мне, - цiха загадаў Воланд, i iмгненна, невядома як i адкуль, на сцэне з'явiлася крэсла, на якое сеў маг, - скажы мне, шаноўны Фагот, спытаўся Воланд у клятчастага гаера, якi, вiдаць, меў i iншую назву акрамя "Кароўева", - як па-твойму, маскоўскае насельнiцтва значна змянiлася?
Маг паглядзеў на прыцiхлую, уражаную з'яўленнем крэсла публiку.
- Вельмi, месiр, - цiха адказаў Фагот-Кароўеў.
- Твая праўда. Гараджане моцна перамянiлiся, знешне, я кажу, як i сам горад, мiж iншым. Пра строi нават i гаворкi няма, але з'явiлiся гэтыя... як iх... трамваi, аўтамабiлi...
- Аўтобусы, - пачцiва падказаў Фагот.
Публiка ўважлiва слухала размову, меркавала, што гэта прэлюдыя да магiчных фокусаў. Кулiсы былi забiтыя артыстамi i рабочымi сцэны, i мiж iх вiдаць быў напружаны, белы твар Рымскага.
На фiзiяномii Бенгальскага, якi прытулiўся з боку сцэны, з'явiлася недаўменне. Ён ледзь-ледзь прыўзняў бровы, выкарыстаў паўзу i загаварыў:
- Замежны артыст выказвае сваё захапленне Масквою, якая значна вырасла ў тэхнiчных адносiнах, а таксама i масквiчамi, - тут Бенгальскi двойчы ўсмiхнуўся, спачатку партэру, потым галерэi.
Воланд, Фагот i кот павярнулi галовы да канферансье.
- Хiба я выказваў захапленне? - спытаў маг у Фагота.
- Зусiм не, месiр, вы нiякага захаплення не выказвалi, - адказаў той.
- Дык што ж гаворыць гэты чалавек?
- Ён проста схлусiў! - гучна, на ўвесь тэатр паведамiў клятчасты памочнiк, завярнуўся да Бенгальскага i дадаў: - Вiншую вас, грамадзянiн хлус!
З галерэi шумнула смехам, а Бенгальскi скалануўся i вылупiў вочы.
- Але мяне, вядома, не гэтак цiкавяць аўтобусы, тэлефоны i iншая...
- Апаратура! - падказаў клятчасты.
- Правiльна, дзякуй, - паволi гаварыў маг цяжкiм басам, - яшчэ больш значнае пытанне: цi змянiлiся гэтыя гараджане ўнутрана?
- Ага, гэта важнейшае пытанне, месiр.
У кулiсах пачалi пераглядацца i пацiскаць плячыма, Бенгальскi стаў чырвоны, а Рымскi быў белы. Але тут, быццам бы адгадаўшы трывогу, якая пачыналася, маг сказаў:
- Аднак мы загаварылiся, дарагi Фагот, а публiка пачынае сумаваць. Пакажы нам на пачатак што-небудзь просценькае.
Зала з палёгкаю заварушылася. Фагот i кот разышлiся ў розныя бакi рампы. Фагот пстрыкнуў пальцамi i залiхвацка крыкнуў:
- Тры, чатыры! - злавiў у паветры калоду карт, ператасаваў яе i стужкаю пусцiў да ката. Кот стужку перахапiў i адправiў назад. Атласная змяя фыркнула, Фагот разявiў рот, i ўсю яе, карта за картаю, праглынуў:
Пасля гэтага кот пакланiўся, шаркануў праваю задняю лапаю i выклiкаў неверагодныя апладысменты.
- Клас, клас! - у захапленнi крычалi за кулiсамi.
А Фагот тыцнуў пальцам у партэр i аб'явiў:
- Калода гэтая цяперака, паважаныя грамадзяне, знаходзiцца ў сёмым радзе ў грамадзянiна Парчэўскага, якраз мiж траячкаю i павесткай аб выклiку ў суд за нявыплату алiментаў грамадзянцы Зяльковай.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.