Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) Страница 23
- Категория: Проза / Русская классическая проза
- Автор: Михаил Булгаков
- Год выпуска: неизвестен
- ISBN: нет данных
- Издательство: неизвестно
- Страниц: 81
- Добавлено: 2018-12-25 08:44:46
Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) краткое содержание
Прочтите описание перед тем, как прочитать онлайн книгу «Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)» бесплатно полную версию:Михаил Булгаков - Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) читать онлайн бесплатно
- Папярэдж... джвалi... джвалi... - задыхаючыся, адказаў адмiнiстратар.
- А ты ўсё ж пабег? Давай сюды партфель, гад! - тым самым гугнявым голасам, якi чуваць быў у тэлефоне, крыкнуў другi i вырваў партфель з дрыжачых рук у Варэнухi.
I абодва падхапiлi адмiнiстратара пад рукi, вывалаклi з саду i панеслiся з iм над Садовай. Навальнiца бушавала на ўсю сiлу, вада з грукатам i ровам ляцела ў каналiзацыйныя адтулiны, усюды пухiрылiся, уздымалiся хвалi, з дахаў перла i паўз трубы, з падваротнi цяклi пенiстыя рэкi. Усё жывое змылася з Садовае, i выратаваць Iвана Савельевiча не было каму. Падскокваючы ў каламутных рэках, асветленыя маланкамi бандыты ўмiг давалаклi напаўжывога адмiнiстратара да No 302-бiс, уляцелi разам з iм у падваротню, дзе да сцяны тулiлiся дзве босыя жанчыны, якiя свае туфлi i панчохi трымалi ў руках, затым кiнулiся ў шосты пад'езд, i амаль звар'яцелы Варэнуха быў узнесены на пяты паверх i кiнуты на падлогу ў добра знаёмым яму пярэднiм пакоi ў кватэры Сцёпы Лiхадзеева.
Тут абодва бандыты згiнулi, а замест iх з'явiлася ў прыхожым пакоi зусiм голая дзявуля - рыжая, з гарачымi фасфарычнымi вачыма.
Варэнуха зразумеў, што гэта i ёсць тое сама страшнае, што толькi можа здарыцца з iм, застагнаў, адступiўся да сцяны. А дзявуля падышла да адмiнiстратара i паклала далонi на яго плечы. Валасы на Варэнуху ўсталi дыба, таму што ён нават скрозь халодную вiльготную тканiну талстоўкi адчуў, што далонi гэтыя яшчэ халаднейшыя, што яны халодныя смяротным холадам.
- Ну, дай я цябе пацалую, - пяшчотна сказала дзявуля, i ля самых ягоных вачэй апынулiся яе зiхатлiвыя вочы.
I тады Варэнуха страцiў прытомнасць i пацалунка не адчуў.
Раздзел 11
IВАНАВА РАЗДВОЕНАСЦЬ
Бор на супрацьлеглым беразе рэчкi, яшчэ гадзiну таму асветлены травеньскiм сонцам, пацямнеў, размазаўся i растварыўся.
Вада суцэльнай сцяной стаяла за акном. У небе адзiн за адным успыхвалi пiсягi, неба трэскалася, пакой хворага залiвала дрыготкае страшнае святло.
Iван цiха плакаў, седзячы на ложку i гледзячы на каламутную рэчку, якая кiпела бурбалкамi. Пры кожным грамавым удары ён жаласлiва ўскрыкваў i закрываў твар рукамi. Спiсаныя Iванам папяровыя лiсткi валялiся на падлозе, iх здзьмула ветрам, якi ўварваўся ў пакой у самым пачатку навальнiцы.
Спробы паэта напiсаць заяву наконт страшнага кансультанта нiчога не далi. Як толькi Iван атрымаў ад тоўстае фельчарыцы, якую звалi Праскоўя Фёдараўна, агрызак алоўка i паперу, ён дзелавiта пацёр рукi i прымасцiўся да столiка. Пачаў даволi жыва:
"У мiлiцыю. Сябры МАССАЛIТа Iвана Мiкалаевiча Бяздомнага. Заява. Учора вечарам я прыйшоў з нябожчыкам М.А.Берлiёзам на Патрыярхавыя сажалкi..."
I адразу ж паэт заблытаўся, найперш з-за слова "нябожчык". З самага пачатку атрымлiвалася нейкая недарэчнасць: як гэта - прыйшоў з нябожчыкам? Нябожчыкi не ходзяць! Сапраўды падумаюць, што вар'ят!
Падумаў пра гэта i пачаў папраўляць напiсанае. Атрымалася наступнае: "...з М.А.Берлiёзам, потым нябожчыкам..." I гэта не задаволiла аўтара. Давялося прыдумляць трэцюю рэдакцыю, а тая аказалася яшчэ горшая за першыя дзве: "...Берлiёзам, якi трапiў пад трамвай..." - а тут яшчэ прыплёўся гэты нiкому не вядомы кампазiтар - цёзка па прозвiшчы, i давялося дапiсваць: "...не кампазiтарам..."
Напакутаваўся з гэтымi двума Берлiёзамi, закрэслiў усё i вырашыў пачаць з нечага вельмi моцнага, што адразу прыцягнула б увагу чытача, i напiсаў, што кот садзiўся ў трамвай, а потым вярнуўся да эпiзода з адрэзанай галавой. Галава i прароцтва кансультантава навялi на думку пра Понцiя Пiлата, а дзеля большай пераконанасцi Iван вырашыў увесь расказ пра пракуратара напiсаць з самага пачатку, калi той у белым плашчы з крывавым падбоем зайшоў у каланаду Iрадавага палаца.
Iван працаваў засяроджана, крэслiў напiсанае i ўстаўляў новыя словы i нават спрабаваў намаляваць Понцiя Пiлата, а потым i ката на заднiх лапах. Але i малюнак не дапамог, i чым далей - усё больш блытанай i незразумелай рабiлася паэтава заява.
На той час, як здалёк з'явiлася злавесная хмара з дымнымi краямi, накрыла бор i падзьмуў вецер, Iван адчуў, што знясiлеў, што заяву яму не адолець, не стаў збiраць рассыпаныя лiсткi, а цiха i горка заплакаў.
Дабрадушная фельчарыца Праскоўя Фёдараўна наведала паэта ў час навальнiцы, устрывожылася, калi ўбачыла, што ён плача, зашморгнула на акне штору, каб маланка не палохала хворага, паперкi сабрала з падлогi i з iмi пабегла да доктара.
Той адразу ж прыйшоў, зрабiў укол Iвану ў руку, пераканаў Iвана, што той болей плакаць не будзе, што цяпер нiчога не здарыцца, што ўсё пройдзе, зменiцца i ўсё забудзецца.
Доктар сказаў праўду. Хутка зарэчны бор стаў ранейшым. У iм вiдаць было кожнае дрэва пад небам, якое ачысцiлася да поўнага блакiту, а рэчка супакоiлася. Нуда пачала адступацца ад Iвана адразу ж пасля ўколу, i цяпер паэт ляжаў спакойна i глядзеў на вясёлку, якая выгнулася ў небе.
Гэтак працягвалася да вечара, i ён нават не заўважыў, як растала вясёлка i як засумавала i злiняла неба, як пачарнеў бор.
Iван выпiў гарачага малака, прылёг i сам здзiвiўся з таго, як змянiлiся яго думкi. Неяк падабрэў у памяцi пракляты д'ябальскi кот, не палохала болей адрэзаная галава, i, адрынуўшы яе, пачаў раздумваць Iван пра тое, што на самай справе нядрэнна i ў бальнiцы, што Стравiнскi разумны i знакамiты i што быць у яго надзвычай проста i прыемна. I вечаровае паветра прыемнае i свежае пасля навальнiцы.
Журботны дом засынаў. У цiхiм калiдоры матавыя белыя лямпачкi патухалi, i замест iх адпаведна раскладу запальвалiся слабенькiя блакiтныя начнiкi, i ўсё радзей за дзвярыма чулiся асцярожныя крокi фельчарыц на гумавых дыванках у калiдорах.
Цяпер Iван у салодкай млявасцi ляжаў i пазiраў то на лямпачку пад абажурам, якая разлiвала з-пад столi мяккае святло, то на поўню, якая выходзiла з-за чорнага бору, i гаварыў сам з сабою.
- Чаму, урэшце, я гэтак хвалююся, што Берлiёз трапiў пад трамвай? разважаў паэт. - Урэшце, ну яго ў балота! Хто я на самай справе, кум яму цi сват? Калi як след пракруцiць гэтае пытанне, атрымлiваецца, што я, па сутнасцi, i не ведаў як след нябожчыка. Сапраўды, што мне пра яго вядома? Ды нiчога, акрамя таго, што ён быў лысы i гаварун жахлiвы. А потым, грамадзяне, працягваў сваю прамову Iван i звяртаўся да некага невядомага, - разбяромся вось у чым: чаго гэта я, растлумачце, уз'еўся на гэтага загадкавага кансультанта, мага i прафесара з пустым чорным вокам? Нашто ўся гэтая недарэчная пагоня за iм у споднiм i са свечкаю ў руках, а потым i ўся дзiкая сцэна ў рэстарацыi?
- Ну-ну-ну, - раптам сурова сказаў нехта, але не ў iм самiм, а быццам на вуха, ранейшы Iван новаму Iвану, - пра тое, што адрэжуць Берлiёзу галаву, ён ведаў загадзя? Як тут не хвалявацца?
- Пра што тут, таварышы, гаворка! - пярэчыў новы Iван ранейшаму Iвану. Нешта нячыстае тут, гэта i дзiцяцi зразумела. Гэта асоба незвычайная i таямнiчая на ўсе сто. Але ж гэта i сама цiкавае! Чалавек асабiста быў знаёмы з Понцiем Пiлатам, што яшчэ цiкавейшае вам патрэбна? I замест таго каб падымаць недарэчны гвалт на Патрыярхавых, цi не лепей было б ветлiва распытацца пра тое, што далей было з Понцiем Пiлатам i гэтым арыштаваным Га-Ноцры?
А я д'ябал яго ведае што ўсчаў! Падумаеш - вялiкае здарэнне - рэдактара часопiса зарэзала! Ды што, з-за гэтага часопiс закрыецца, цi што? Што рабiць: чалавек смяротны, i, як справядлiва было сказана, смерць заўсёды раптоўная. Ну, царства яму нябеснае! Ну, будзе другi рэдактар i нават, магчыма, яшчэ большы гаварун за папярэдняга.
Пасля сну Iван новы з'едлiва спытаўся ў старога Iвана:
- I хто ж тады я выходзiць?
- Дурань! - выразна прамовiў недзе бас, якi не належаў нiводнаму з Iванаў i вельмi ж быў падобны на кансультантаў.
Iван чамусьцi не пакрыўдзiўся з-за "дурня", гэта яго нават прыемна ўразiла, усмiхнуўся спрасонку i зацiх. Сон падкрадваўся да Iвана, i ўжо прымроiлася яму i пальма на слановай назе, i кот прайшоў паблiзу - не страшны, а вясёлы, адным словам, вось-вось накрые сон Iвана, як раптам рашотка паехала ўбок без адзiнага гуку, i на балконе ўзнiкла таямнiчая постаць, якая хавалася ад месячнага святла, i пакiвала Iвану пальцам.
Iван зусiм не спалохаўся, прыўстаў на ложку i ўбачыў, што на балконе знаходзiцца мужчына. I гэты мужчына прытулiў палец да губ i прашаптаў:
- Цiха!
Раздзел 12
ЧОРНАЯ МАГIЯ I ЯЕ ВЫКРЫЦЦЁ
Маленькi чалавек у дзiравым жоўтым кацялку i з падобным на грушу чырвоным носам, у клятчастых штанах i лакiраваных чаравiках выехаў на сцэну Вар'етэ на звычайным двухколавым веласiпедзе. Пад гукi факстрота ён праехаў укруга, а потым раптоўна ўскрыкнуў, ад чаго веласiпед устаў на дыбкi. Чалавек, праехаўшы на адным коле, стаў угору нагамi, умудрыўся на хаду адкруцiць пярэдняе кола i пакацiць яго за кулiсы, а потым працягваў ехаць на адным коле i круцiў педалi рукамi.
На высокай металiчнай мачце з сядлом наверсе i на адным коле выехала поўная бландзiнка ў трыко i ў спаднiчцы, усеянай блiскучымi срэбнымi зорачкамi, i пачала ездзiць укруга. Сустракаючыся з ёю, чалавек прывiтальна ўскрыкваў i нагою здымаў з галавы кацялок.
Жалоба
Напишите нам, и мы в срочном порядке примем меры.